Ці магчыма сабе ўявіць беларускую літаратуру другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў без Васіля Сёмухі? Пераклады Гётэ і Шылера, Гейнэ і Гофмана, Грымельсгаўзэна і Ніцшэ, Брэхта і Дзюрэнмата, Гесэ і Томаса Мана, Рыльке і Зюскінда… А да гэтага варта дадаць пераклады з польскай мовы (творы Міцкевіча, Славацкага, Норвіда, Гамбровіча, Тувіма, Сыракомлі), з латышскай (творы Яна Райніса, Чакса, Бэлшавіцу, Скуіньша, Бэлса, Вацыеціса). Уражвае і тое, што Сёмуха бліскуча перакладае як паэтычныя, так і празаічныя творы. Сярод пераствораных беларускім перакладчыкам узораў мастацтва слова нямала і так званых «культавых», зварот да якіх можа стаць мерай таленту і мастацкай сталасці самаго перакладчыка.

Васіль Сёмуха скончыў у 1959 годзе рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Прадстаўнік пакалення «шасцідзясятнікаў», ён ніколі не лічыў сябе дысідэнтам, але адстойваў асабістую незалежнасць: «…я ўсё жыццё працаваў не на пасадах, а працаваў перакладчыкам. Я быў у сферы свайго інтарэсу – рабіў тое, што люблю».

Літаратурная творчасць Васіля Сёмухі яскрава сведчыць пра тое, што таленавіты пераклад – гэта сапраўдная сумесная творчасць аўтара арыгінальнага твора і перакладчыка. Як гаворыць пра свае пераклады сам Васіль Сёмуха, усе яны – «творы Сёмухі! Бо я пераклаў тыя творы, якія хацеў бы сам напісаць. Калі б я пісаў штосьці, я б хацеў так напісаць».

Літаратурную працу Васіля Сёмухі часам называюць падзвіжніцкай: на працягу 14 гадоў ён перакладаў на беларускую мову Біблію, Стары і Новы Запаветы, робячы гэта метавіта «для людзей», бо «хацеў, каб Біблію чыталі беларусы».

НІА