Паважаныя сябры!
Нацыянальны адукацыйны партал распачынае новую рубрыку – «Паэтычная старонка». Запрашаем вас у свет беларускага слова, свет мілагучнасці і прыгажосці, свет шматколерных пачуццяў і адмысловых думак. Запрашаем прыгадаць даўно вядомыя імёны ды радкі і пазнаёміцца з новымі. І будзе цудоўна, калі пасля захочацца ўзяць з кніжнай паліцы томік ці знайсці ў інтэрнэт-бібліятэцы нізку вершаў ды застацца сам-насам з красой і сілай паэтычнага слова або прачытаць уголас для родных і сяброў хвалюючыя радкі.
Першы выпуск «Паэтычнай старонкі» выходзіць у свет напярэдадні свята закаханых – Дня святога Валянціна. Ён і Яна. Каханне… Лепшую тэму і прыдумаць цяжка, бо «пачынаецца ўсё з любві».
***
Максім Багдановіч
Учора шчасце толькі глянула нясмела, –
I развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.
Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.
Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?
***
Канстанцыя Буйло
«Ты думаў пра мяне»
Ты думаў пра мяне,
я ведаю –
бо ўночы
Я не магла стуліць ні на хвіліну вочы.
І думка горача мне душу хвалявала.
Ты думаў пра мяне,
я ведаю –
у словы
Жар пылкіх дум тваіх быў выліцца гатовы,
Яны гучалі тут, так шчыра, так глыбока,
Мне пець хацелася – і плакаць, лёгка, лёгка…
Ты думаў пра мяне,
я ведаю, –
і думы
Азваліся ва мне якімсьці светлым сумам.
Пяшчотай мяккаю яны абнялі сэрца,
І ты, ты адчуваў – чаму яно так б’ецца.
Ты думаў пра мяне,
я ведаю,
не стала
Тугі ў грудзях. Душа ад шчасця замірала…
Ты быў са мной! Пры мне!
Пры мне – а не далёка…
Мне пець хацелася – і плакаць… Лёгка, лёгка…
***
Анатоль Вярцінскі
Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіццё. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё.
***
Уладзімір Караткевіч
«Ты і я»
Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіафана,
Радуга на крылах навальніц.
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, –
Адкажы на вуха ўладару,
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?
***
Раіса Баравікова
Чаму? Навошта? – што ні дзень
з пытання.
Вышукваеш нуды маёй прычыны,
а я заўсёды думала, мужчыны
ніколі не ўдаюцца ў сэнс кахання.
Як часам незаўважна ўскрыліць мара,
надзея ўспыхне з аднае усмешкі,
хто знае, на якіх кастрах згараем,
раздзьмухваем якія галавешкі?..
Дзеля чаго? Спрадвечная пакута.
Чакаем ночы, каб не спаць да дня.
Адзін гаворыць – мёд,
другі – атрута,
і кожны выпіць хоча ўсё да дна.
***
Анатоль Грачанікаў
Свяці, кахання чыстая зара!
Свяці – пачуццяў сэрцаў не азмрочвай –
Над доляй плугара і песняра
I над высокай доляю жаночай.
Усіх людзей пара табе, пара
З’яднаць чароўнай сілаю прарочай.
Бо, сапраўды, на свеце без кахання
Жыцця няма – ёсць толькі існаванне.
Вядучая «Паэтычнай старонкі»
Інга Пінголь,
метадыст І катэгорыі
ўпраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг НІА