Сёлета ў Купалаўскім тэатры «канікулы» пачаліся пазней, чым звычайна, але задаволеныя гэтым засталіся і самі купалаўцы, і шматлікія іх прыхільнікі.

Напачатку жніўня адбыўся перадпрэм’ерны паказ спектакля «Сон у купальскую ноч», пастаўленага паводле вядомай п’есы Уільяма Шэкспіра, над якім працавала інтэрнацыянальная тэатральная каманда. Паказу папярэднічала прэс-канферэнцыя, дзе расійскі рэжысёр Андрэй Прыкатэнка разам з мастаком Вольгай Шаішмелашвілі і кампазітарам Іванам Кушнірам расказалі пра тое, як ім працавалася ў Мінску, якія ўражанні пакінулі гэтым разам горад і ўласна праца.

Андрэй Прыкатэнка, вядомы сваімі пастаноўкамі ў тэатрах розных краін і ўжо знаёмы беларускаму гледачу па спектаклі «Мой бедны Марат» (паводле п’есы Аляксея Арбузава), зазначыў, што і ад сустрэчы з Мінскам, і з людзьмі ў яго засталіся самыя радасныя ўражанні. Аднак праца над такім складаным спектаклем, вядома, не магла быць лёгкай. Шэкспіраўскі тэкст у перастварэнні Алеся Разанава (менавіта паводле яго прапановы, заўважыў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін, «Сон у летнюю ноч» стаў «Сном у купальскую ноч») – гэта сам па сабе цэлы сусвет, які пастаянна паглыбляецца-прырастае ўсё новымі і новымі падтэкстамі і кантэкстамі. Новае сцэнічнае ўвасабленне гэтага сусвету, здаецца, запатрабавала ў стваральнікаў спектакля выпрацоўкі насамрэч арыгінальнай тэхналогіі «перакладу» класічнага літаратурнага твора на мову сучаснага тэатра.

Як маглі пазней пераканацца запрошаныя на перадпаказ гледачы, у гэтым «перакладзе» былі задзейнічаны самыя розныя спосабы, прыёмы і інструменты ўздзеяння на гледача, спешчанага раскошамі інфармацыйнай рэальнасці.

  

Адмысловая арганізацыя сцэнічнай прасторы – гледачы размяшчаюцца не толькі ў зале, але і ўласна на сцэне, пры гэтым акцёры могуць рушыць на сцэну з самых розных месцаў у зале, – як бы «зблытвае» традыцыйныя ролі далучаных да дзеі, інакш кажучы, любы прысутны ў зале, у тым ліку за кулісамі не можа «выключыцца» з удзелу ў тым, што адбываецца.

Дзякуючы выкарыстанню найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных і медыятэхналогій Слова – арыгінальнае шэкспіраўскае і не менш арыгінальнае разанаўскае – становіцца адначасова прасторай і ці не самым уплывовым удзельнікам спектакля. Слова ў розных інкарнацыях (візуальнай, музычнай, нават пластычнай) не толькі запаўняе сабою хранатоп вонкавы: нечакана выяўляецца, што ім, нібы нейкім пракаветна-магічным, архаічна-міфалагічным рэчывам напоўнена тваё «ўнутранае мора». Надзвычай важную ролю ў абуджэнні адмысловай «артэфактнасці» беларускага слова (пра якую згадваў рэжысёр спектакля на прэс-канферэнцыі) падчас «Сну ў купальскую ноч» адыгрывае музыка. Андрэй Прыкатэнка заўважыў, што менавіта аўтар музыкі да пастаноўкі Іван Кушнір адкрыў для яго адметную меладычнасць, глыбіню беларускай мовы, што паводле яго асабістых уражанняў выразна вылучаецца на фоне сучасных славянскіх моў якраз захаванасцю старажытных, аўтэнтычных пластоў. Таму, на думку стваральнікаў спектакля, беларуская мова найлепшым чынам «рэзаніруе» з мовай арыгінала, з уласна шэкспіраўскім тэкстам. Акрамя візуальнага перапляцення фрагментаў англійскага і перакладнога твораў, на эфект «артэфактнасці» самой дзеі працуе спалучэнне (часам у межах адной песні) розных музычных традыцый і кампазітарскіх знаходак. Іван Кушнір, для якога беларуская мова ў сваёй адметнасці асацыіруецца з «мовай эльфаў» (так што ў працэсе работы над спектаклем нават узнік жанравы падзагаловак «Песні эльфаў»), апрануў яе ў музычныя строі сімфанічнага тыпу, толькі гэта сімфанічнасць адмысловага – міксава-калажнага і разам з тым новасінкрэтычнага кшталту. У нясумным суседстве тут знаходзяцца кельцкія матывы, рокавая культура і рэп, элементы рамантычнай і мадэрнай оперы (напэўна, музыказнаўцы маглі б гэты пералік істотна пашырыць). У канцэптуальна падобным перапляценні тут знаходзяцца алюзіі на вельмі ўмоўную антычнасць і рэчы суперсучасныя (эльфы перамяшчаюцца на гіраскутэрах), папараць-кветка як старажытны сімвал недасягальнага шчасця – і смартфон як найноўшае гэтай кветкі ўрэчаўленне.

  

Дзіўна, нават жорстка ў дачыненні да заўзятых тэатралаў ды і проста да аматараў нечаканасцей было б падрабязна пераказваць, што адбываецца ў зале падчас «Сну ў купальскую ноч». Спектакль атрымаўся настолькі поліфанічным і шматслойным, што гэта, бадай, і немагчыма. Да ўсяго, можна быць упэўненым: добра вядомыя беларускаму (і не толькі гледачу)  Аляксандр Казела, Юлія Шпілеўская, Павел Харланчук, Міхаіл Зуй, як і іх маладзейшыя калегі Антаніна Дубатоўка, Іларыя Шашко, Міхаіл Світо, Павел Астравух, іншыя акцёры, задзейнічаныя ў спектаклі, кожнаму новаму наведвальніку Купалаўскага тэатра будуць бачыцца праз прызму «Сну…» штораз новага, непаўторнага.

Пераканацца ў гэтым можна будзе ўжо ў верасні гэтага года, калі менавіта прэм’ерай «Сну ў купальскую ноч» адкрыецца новы тэатральны сезон. Мастацкі кіраўнік тэатра падчас падвядзення вынікаў сезона 98-га акрэсліў наступны як «сезон вучняў»: у тэатры ідзе праца над некалькімі спектаклямі, пастаноўку якіх ажыццяўляюць маладыя рэжысёры, вучні Мікалая Пінігіна. Нават кароткі тэматычны анонс гэтых работ дазваляе з пэўнасцю прадказаць адно: у новым тэатральным годзе, які распачнецца зусім хутка, у верасні, у Купалаўскім дакладна не будзе месца прадказальнасці і суму.

 

Ірына Шаўлякова-Барзенка,
Адукацыйны цэнтр
Нацыянальнага інстытута адукацыі

 

Фатаграфіі прадастаўлены Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы