25 чэрвеня споўнілася 80 гадоў Ігару Іванавічу Шклярэўскаму – вядомаму расійскаму паэту, перакладчыку, празаiку, ураджэнцу Беларусі.

Нарадзіўся ў 1938 г. ў г. п. Бялынiчы Магiлёўскай вобласці ў сям’i настаўнiкаў. Вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, пасля скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Першы артыкул I. Шклярэўскага датуецца 1955 г., першы друкаваны верш – 1956 г. Пасля пераезду ў 1965 г. у Маскву працаваў у часопicе «Юность», быў членам грамадскага савета «Литературной газеты», членам праўленняў Саюза пісьменнікаў РСФСР і Саюза пісьменнікаў СССР, сустаршынёй Саюза расійских пісьменнікаў.

Піша на рускай і беларускай мовах. Аўтар зборнiкаў паэзii: «Я iду!», «Лодка», «Фартуна», «Воля», «Рэўнасць», «Пахаладанне», «Дазорная галiнка», «Неназваная сiла», «Госць», «Тайнiк» і інш. У вершах паэта гучыць роздум над складанымі духоўнымі, экалагічнымі проблемамі сучаснасці, гісторыяй славянскага адзінства, над лёсам роднай культуры, чарнобыльскай бяды.

Пяру пісьменніка належаць кнiгі прозы «Цень птушкi» (у яе ўвайшлi тры аповесцi – «Уся надзея на Лёньку», «Грыбная восень» i «Цень птушкi»), нататак пра лiтаратуру «Паэзiя – львiца з грывай».

І. Шклярэўскі пераклаў на рускую мову «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага, асобныя вершы Я. Купалы, М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, Р. Барадуліна і інш. У 1980–1986 гг. выканаў пераклад «Слова аб паходзе Ігаравым», які быў высока ацэнены акадэмікам Дзмітрыем Ліхачовым і прызнаны лепшым перакладам ХХ стагоддзя. Перакладаў таксама з балгарскай мовы.

Паэт цяжка перажываў Чарнобыльскую катастрофу, якая здарылася на зямлі, адкуль ён родам. На грошы ад Дзяржаўнай прэмii СССР (за кнiгу вершаў i паэм «Слухаю неба i зямлю», 1987) iм было пасаджана 18 гектараў лесу ў чарнобыльскай зоне. На беразе Прыпяці зараз стаіць «Лес паэта Ігара Шклярэўскага».

НІА