Гаўрыіл Харытонавіч Вашчанка – народны мастак Беларусі, жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, педагог, прафесар.
Нарадзіўся ў вёсцы Чыкалавічы на Гомельшчыне 20 чэрвеня 1928 года. Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. У 1961 г. прыехаў у Мінск, дзе адразу злучыў пэдагагічную, творчую і грамадскую дзейнасць.
На працягу 40 гадоў Г. Х. Вашчанка з’яўляўся загадчыкам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Усё сваё жыццё мастак працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннай стваральнай працы.
У творах «Дума пра хлеб», «Мацярынскія крылы», «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» адлюстраваны роздум мастака над актуальнымі праблемамі часу і мінуўшчыны роднай зямлі. Жыццю сучаснага Палесся прысвечаны палотны «Маё Палессе», «Нафтавікі Палесся», «Сакавік».
Аб важных падзеях беларускай гісторыі распавядаюць карціны: «Грунвальдская бітва» , трыпціх пра паўстанне К. Каліноўскага «За зямлю, за волю», «Балада пра мужнасць».
Сапраўдную славу мастаку прынеслі партрэты пісьменнікаў, літаратараў і асветнікаў Беларусі: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Канстанціна Астрожскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага,Уладзіміра Караткевіча, Францыска Скарыны.
У 1984 г. атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (за цыкл карцін «Дума пра Радзіму», «Прарыў», «Мір зямлі маёй», «Ліпеньскі мёд»).
Зробленыя Вашчанкам манументальныя размалёўкі ўпрыгожваюць Палац культуры хімікаў у Светлагорску («Зямля светлагорская»), Дом настаўніка ў Мінску («Асветнікі»), вітражы – у кінатэатры «Масква» і ў касцёле Святых Сымона і Алены, мазаічнае пано «Палёт» – у Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску.
У 2002 г. у Гомелі была адкрыта «Карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі», аснову якой склалі 70 жывапісных палотнаў, акварэляў і эскізаў манументальных работ, перададзеных мастаком у дарунак гораду.
Зараз творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і яшчэ ў 28 музеях свету.
Двойчы Міжнародным біяграфічным цэнтрам Кембрыджа Г. Х. Вашчанка быў прызнаны «Чалавекам года» (1992, 1994), у 1993 г. –«Чалавекам XX стагоддзя». У 1995 г. ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Народны мастак Беларусі памёр 14 лютага 2014 г., пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
НІА