11 чэрвеня спаўняецца 65 гадоў Уладзіміру Вікенцьевічу Марозу – беларускаму празаіку, паэту, сцэнарысту, кінарэжысёру.

Нарадзіўся ён у 1953 годзе ў Косава Івацэвіцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымаў дыплом архітэктара ў Беларускім палітэхнічным інстытуце, пасля скончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве.

Творчая асоба У. Мароза вельмі шматгранная. Яго першыя вершы былі надрукаваны ў івацэвіцкай раённай газеце «Кастрычнік» у 1978 годзе. Ён аўтар звыш 19 кніг прозы, паэзіі і эсе. Сярод іх паэтычныя зборнікі: «Крыжы на ростанях», «Далікатнае дакрананне», «Голас», «Рэй», «Хутарскія зоркi», «Благадаць»; кнігі прозы і эсэ: «Златоуст, паче всех воссиявший», «Беларускі храм», «Мінск старажытны і малады», «Менск. Верхні горад», «За брамай забытых мелодый», «Магілёў» і іншыя.

Пісьменніцкія і кінематаграфічныя працы У. Мароза прысвечаныя ў асноўным Беларусі. Больш трыццаці гадоў яго творчае жыццё звязана з беларускім дакументальным кіно, ён аўтар звыш 70 сцэнарыяў, па якіх зняты кінастужкі: «Уз'яднанне», «Кірыла Тураўскі», «Беларусь, свята праваслаўя», «Беларусь – мая Радзіма», «Леў Сапега, канцлер», «Успамін пра Міколу Равенскага», «Сымон Будны. Паэма», «Крэва», «Успаміны пра страчаны рай», «Палац рэспублікі», «Званы званоў», «Мінск, мая сталіца», «Успамін пра подзвіг», «Леанід Левін. Вайна і каханне», «Пясняр з нарачанскага краю», «Айцец Сергій», «Беларускі крыж», «Галерэя», «Іван Мележ. Туманы над тванню», «Косава», «Свет Караткевіча», «Беларусь. 4 гады вайны» i іншыя.

У. Мароз – рэжысёр пяці фільмаў, якія звернутыя да гісторыі Беларусі: «І няхай нам вечным помнікам будзе», «Нафтавая жамчужына Беларусі», «Лазер Алфёрава», «Міфалагемы Радзімы», «Беларусьфільм 2010». Шэраг карцін адзначаныя прызамі і ўзнагародамі міжнародных кінафестываляў.

У. В. Мароз – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (за фільм «Успамін пра Міколу Равенскага», 1994), узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай і нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», медалём Саюза беларускіх кінематаграфістаў «За выключныя заслугі ў беларускім кінематографе».

НІА