23 сакавіка 2018 года спаўняецца 70 гадоў беларускаму паэту, перакладчыку, публіцысту Генадзю Пятровічу Пашкову.
Нарадзіўся паэт 23 сакавіка 1948 года ў вёсцы Ліпавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых. Скончыў Войстамскую сярэднюю школу, потым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Пачаў друкавацца з 1967 года. Першыя творы Г. Пашкова пабачылі свет у калектыўным зборніку маладых універсітэцкіх паэтаў «Узлёт».
Народны паэт Беларусі П. Панчанка, прадстаўляючы Г. Пашкова чытачам газеты «Комсомольская правда», падкрэсліў, што «ён увайшоў у беларускую паэзію молада і ўпэўнена. Усе заўважылі яго звонкі, чысты голас, поўны захаплення цяжкім і складаным, але такім цудоўным жыццём». I сапраўды, молада-акрылена заявіў пра сябе Г. Пашкоў першай паэтычнай кнігай з мілагучнай, салодкай назвай «Кляновік» (1975). Любоў да роднай зямлі, жаданне глыбей спазнаць свой край, яго таемную прыроду – першааснова твораў паэта:
***
Зямля мая
зялёная расінка,
і чую я, акрылены вясной, –
пчалой гудзе
світальная галінка
і пахне дзень
праталінай вясной.
За паэтычныя кнігі «Красный жаворонок» (1977) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) паэту прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі. У 1998 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
З 1977 года Г. Пашкоў – член Саюза пісьменнікаў БССР, з 1996 года – член-карэспандэнт Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры.
Пяру пісьменніка належыць шэраг высокамастацкіх кніг самага рознага жанравага дыяпазону: «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Крокі» (1988), «Люблю, спадзяюся, жыву...» (1990), «Палескія вандроўнікі» (1998).
На творчым шляху Г. Пашкова звыш дзесяці зборнікаў вершаў, публіцыстыкі і кніг для дзяцей. Сярод іх «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1991), «Зорнае поле» (1999).
Акрамя творчай дзейнасці Г. Пашкоў працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё, потым – у часопісе «Полымя», быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», рэдагаваў «Цэнтральную газету», працаваў дырэктарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», займаў пасаду першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Элегічна-спавядальным падаецца роздум паэта над асабістым жыццём у паэтычным зборніку «Журавінавы востраў» (1998).
***
Я пажыў даволі ў гэтым свеце.
І яшчэ, дасць Божа, пажыву.
Адпускаю птушкаю на вецер
з ціхім смуткам светлую душу.
Не шукайце вольнага на волі.
Вы мяне не знойдзеце нідзе.
Туманом сыду ў наваколле.
Не пакіну следу на вадзе.
У сутонні, водарам налітым,
прыпыню, здарожаны, хаду.
І да траваў хмельна-варажбітных
У шчаслівай стоме прыпаду...
НІА