18 сакавіка 2018 года споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Платона Галавача.
Гэты чалавек увайшоў у гісторыю Беларусі як пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ён быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, намеснікам наркама асветы БССР, рэдактарам рэспубліканскіх перыядычных выданняў – газеты «Чырвоная змена», часопісаў «Маладняк», «Полымя», членам ЦК Кампартыі Беларусі і членам ЦВК БССР, адным з самых таленавітых беларускіх празаікаў і публіцыстаў.
Платон Галавач нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Пабокавічы Бабруйскага раёна ў сялянскай сям'і. Навучаўся ў царкоўна-прыходскай школе, яшчэ ў школьныя гады пачаў удзельнічаць у літаратурным гуртку.
П. Галавач быў адным з арганізатараў камсамольскага руху – у 1920 годзе стварыў камсамольскую ячэйку ў роднай вёсцы. Актыўна ўдзельнічаў у ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, арганізаваў клуб і хату-чытальню. Стаў сельскім карэспандэнтам павятовай газеты «Камунiст», пісаў артыкулы пра жыццё вясковай камсамольскай ячэйкі.
П. Галавач пражыў усяго 34 гады. Творчую дзейнасць распачаў у 1921 годзе. Першае апавяданне «Загубленае жыццё» было апублікавана ў газеце «Савецкая Беларусь» (1925). Потым выйшлі зборнікі апавяданняў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934).
Тэматыка шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, нарысаў звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Творы П. Галавача карысталіся поспехам, перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, ідыш i іншыя мовы. Многія творы пісьменніка засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне Кастуся Каліноўскага.
У беларускай літаратуры XX стагоддзя, бадай, не знойдзеш другога пісьменніка, у якога засталася б такая багатая неапублікаваная літаратурная спадчына, як у Платона Галавача. Усе планы i намеры перакрэсліла трагічная гібель. У 1937 годзе пісьменнік быў рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Імем П. Галавача названы вуліца і завулак у Бабруйску. У 1968 годзе на будынку Гарбацэвіцкай школы Бабруйскага раёна, дзе вучыўся пісьменнік, адкрыта мэмарыяльная дошка.
НІА