Алена Кобец-Філімонава – дзіцячая пісьменніца, перакладчыца – нарадзілася 13 кастрычніка 1932 года ў гарадскім пасёлку Круглае Магілёўскай вобласці ў сям’і тэатральнага драматурга і сцэнарыста. Пасля вызвалення Беларусі жыла ў Мінску, вучылася ў музычнай школе-дзесяцігодцы. У 1954–1955 гадах займалася ў музычным вучылішчы пры кансерваторыі ў Ленінградзе, працавала выкладчыцай у музычных школах.
У 1969 годзе закончыла аддзяленне Беларускай дзяржкансерваторыі па класе фартэпіяна, у 1971 – вышэйшыя літаратурныя курсы пры літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, працавала рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм», у выдавецтве «Юнацтва».
У 2002 годзе працавала над дакументальнымі аповедамі пра кінадраматургію свайго бацькі «Беларускія шванкі».
Алена Кобец-Філімонава пачынала пісаць на беларускай і рускай мовах пераважна для дзяцей. З першым літаратурным творам выступіла ў 1959 годзе. На беларускай мове выйшлі зборнікі вершаў для дзяцей «Казка пра месяц» (1963) і «Залаты ручнік» (1972), аповесці «Жаваранкі над Хатынню» (1977), «Блакітны экспрэс» (1981), «Агні за перавалам» (1985), казкі «Вянок дзівосаў» (1986). На рускай мове – зборнік казак «Читайка и гуляйка» (1963), «Семь художников» (1965), кніга нарысаў пра Грэцыю «В королевстве... но не сказочном» (1968), «Сказки старого Яниса» (1969). Па матывах аповесці «Блакітны экспрэс» у 1978 годзе пастаўлены аднайменны спектакль. Пісьменніца з’яўляецца аўтарам сцэнарыя мультфільма «Вася Буслік і яго сябры», знятага ў 1974 годзе. Акрамя таго, пераклала на беларускую мову з грэчаскай зборнік вершаў Я. Рыцаса «Макронісас» (1973).
У 2001 годзе на старонках часопіса «Полымя» былі надрукаваныя ўспаміны пісьменніцы пра маленства – «На беразе Друці».
У 2005 годзе выдала дакументальную аповесць «Распятая Хатынь».
Памерла Алена Кобец-Філімонава 15 чэрвеня 2013 года.
НІА