Уладзімір Андрэевіч Калеснік нарадзіўся 17 верасня 1922 года ў вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Сямікласную адукацыю ён набыў у суседніх Ярэмічах, а школу выхавання прайшоў у бацькі-земляроба, плытагона, вясковага майстра.

У 1936 годзе Калеснік паступіў у польскую Навагрудскую гімназію імя А. Міцкевіча, дзе захапіўся маляваннем. Самастойна вывучаў тэорыю выяўленчага мастацтва, марыў стаць крытыкам жывапісу.

Калі Уладзімір Андрэевіч вучыўся на трэцім курсе педвучылішча, пачалася вайна і ўнесла свае карэктывы ў жыццё юнака. 3 ліпеня 1941 года ён прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у верхнім Наднямонні. Па даручэнні падпольнай арганізацыі працаваў настаўнікам пачатковай школы ў Некрашэвічах. Летам 1942 года пайшоў у партызаны. Юнаком спазнаў пекла вайны і гераічны драматызм партызанскага змагання, страту сяброў і страх смерці, меру чалавечага і нечалавечага ў самім чалавеку.

У 1949 годзе скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, затым у 1952 годзе – аспірантуру пры інстытуце. З 1952 года працаваў загадчыкам кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута, з 1956 – загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута, узначальваў Брэсцкае абласное літаратурнае аб’яднанне (1956–1970), быў сакратаром аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР (1981–1983).

Каштоўнасць асобы, навуковай і творчай спадчыны У. Калесніка тым больш значныя, што ягоны жыццёвы шлях пралёг праз жыццё ў Заходняй Беларусі, выпрабаванні Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Уладзімір Андрэевіч ніколі не баяўся ісці нецярэбленымі сцежкамі, часта выклікаючы агонь на сябе, уступаючы ў вострую палеміку. Сваёй прыцягальнай асобай, аўтарытэтам незалежнага вучонага і таленавітага пісьменніка Калеснік тварыў і ствараў вакол сябе самадзейную супольнасць творчых людзей. Ён любiў гэтае таварыскае кола сяброў-лiтаратараў, вучоных і мастакоў, выкладчыкаў i студэнтаў-пачаткоўцаў, людзей розных узростаў i прафесiй, якiх яднаў агонь святой i чыстай любовi да радзімы, роднага слова, лiтаратуры, паэзii, мастацтва, навукі.

Захоплены i натхнёны iдэямi служэння радзiме, людзям роднага краю, ён пачуваў сябе чалавекам Адраджэння, пераемнiкам гуманiстычных i асветнiцкiх традыцый Ф. Скарыны i М. Гусоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Танка і іншых. Ён прыкмячаў кожны новы талент i быў шчаслiвы адчуваннем, як расце i шырыцца знутры Беларусь!

Уладзімір Калеснік узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі.

У друку з літаратурна-крытычнымі, літаратуразнаўчымі і дакументальнымі творамі выступаў з 1953 года. Выдаў кнігі «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці» (1981), «Лёсам пазнанае: Выбраныя літаратурныя партрэты» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1971), «Истории белорусской советской литературы» (1977), а таксама вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для вучэбных устаноў. Напісаў дакументальныя творы «Аповесць пра Таўлая» (часопіс «Полымя», 1964–1965), «Пасланец Праметэя» (1984), сумесна з А. Адамовічам і Я. Брылём кнігу «Я з вогненнай вёскі...» (1975). Склаў зборнікі паэзіі Заходняй Беларусі «Сцягі і паходні» (1965) і «Ростані волі» (1990).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у напісанні двухтомнай «Истории белорусской дооктябрьской литературы» і «Истории белорусской советской литературы».

 

НІА