Сяргей Дзяргай нарадзіўся 17 верасня 1907 года ў сям’і чыгуначніка. Скончыў 1-ю Мінскую чыгуначную сямігадовую школу (1924), затым трохгадовыя агульнаадукацыйныя курсы (1927). З-за цяжкага стану здароўя далей не вучыўся. Шмат займаўся самаадукацыяй.
У сярэдзіне 1930-х гадоў працаваў падчытчыкам і карэктарам у друкарні газеты «Звязда». У 1935 годзе быў арыштаваны і асуджаны за «антысавецкую агітацыю». Пасля вызвалення ў 1937 годзе жыў у вёсцы. Затым зноў арышт у 1939 годзе – быў высланы ў Казахстан. Пасля вызвалення з 1941 года жыў у Новабеліцы пад Гомелем. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Гомелі, падтрымліваў сувязь з партызанамі, уваходзіў у падпольную антыфашысцкую групу. З 1946 года жыў у Мінску. Працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Полымя» (1951–1953), адказным сакратаром, рэдактарам аддзела літаратуры часопіса «Вожык» (1953–1967). Рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі ў 1992 годзе.
У 1938 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» апублікаваны першы верш Сяргея Дзяргая. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вачыма будучыні» (вершы і паэмы, 1953), «Крэмень аб крэмень» (вершы і паэмы, 1958), «Цешча» (гумарыстычныя вершы, 1959), «Чатыры стыхіі» (вершы і паэмы, 1962, дапоўненае выданне ў 1988 годзе), «Свята ў будзень» (1964), «Салата з дзядоўніку» (гумарыстычныя вершы, 1967), «Выбранае» (1967), «Вершы» (1974), «На вогненнай сцяжыне: Выбранае» (вершы і паэмы, 1977).
Асноўныя тэмы паэзіі Сяргея Дзяргая – любоў да роднай зямлі, гераічны подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Творчасць паэта характарызуецца філасофскай засяроджанасцю на складаных праблемах часу, асацыятыўным мастацкім мысленнем, фальклорна-песеннай вобразнасцю, культурай верша.
Сяргей Дзяргай пераклаў на беларускую мову паэмы «Гражына» А. Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю. Славацкага, «Дванаццаць» А. Блока, «На ўвесь голас» У. Маякоўскага, «Сінія гусары» М. Асеева, «Сын» П. Антакольскага, «1905 год» Б. Пастарнака, паасобныя творы М. Канапніцкай, У. Бранеўскага, Ю. Тувіма, І. Бехера, Г. Зегерс, М. Лермантава, С. Шчыпачова, Л. Украінкі і іншыя.
З 1950 года С. Дзяргай з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1951 па 1953 год працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Полымя», адказным сакратаром, рэдактарам аддзела літаратуры часопіса «Вожык» (1953–1967). У 1964 годзе – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за зборнік вершаў і і паэм «Чатыры стыхіі».
Памёр Сяргей Дзяргай 25 снежня 1980 года. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску. Рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі 27 сакавіка 1992 года.
НІА