Калі вы яшчэ не былі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа на выставе мастацкіх партрэтаў Якуба Коласа, паспяшайцеся гэта зрабіць да 2 верасня!
«Спяшайцеся з паэтам стрэцца…» – выстава, якая праходзіць у рамках музейнага выставачнага праекта «Словы і рэчы: невядомыя калекцыі», прымеркаванага да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Якуб Колас – аўтар шырокіх эпічных твораў у паэзіі і прозе. Яго жыццё і творчасць – невычэрпная крыніца тэм для жывапісцаў, скульптараў, майстроў кніжнай і станковай графікі, а таксама дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Над партрэтамі паэта працавалі і працуюць вядомыя мастакі і скульптары – Я. Кругер, В. Волкаў, М. Гусеў, А. Шаўчэнка, У. Сулкоўскі, У. Стальмашонак, Л. Дударэнка, Г. Паплаўскі, М. Апіёк, В. Кожух, З. Азгур, А. Анціпін і інш.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены партрэты Якуба Коласа, якія створаны знакамітымі беларускімі мастакамі В. Волкавым, Г. Паплаўскім, У. Сулкоўскім і С. Федарэнкам.
Асаблівую каштоўнасць набылі прыжыццёвыя партрэты песняра. У чэрвені 1940 года ў час знаходжання Якуба Коласа на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве маладым беларускім мастаком З. Паўлоўскім быў створаны партрэт паэта за працай. А ў 1942 годзе падчас святкавання 60-годдзя Якуба Коласа рускім мастаком-графікам Т. Жырмунскай у Ташкенце быў зроблены яшчэ адзін унікальны партрэт. Ён пранізліва перадае тыя боль і хваляванне за Радзіму і лёс беларускага народа, якія перажываў Якуб Колас у эвакуацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Упершыню экспануецца раней невядомы графічны партрэт Якуба Коласа, які размешчаны на вокладцы перыядычнага выдання «Белорусский иллюстрированный календарь» за 1944 год, якое выйшла з друку ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна).
«Павага народа, памяць пра барацьбіта за шчасце, светлае будучае ўвекавечаны буйнейшай манументальнай работай З. Азгура – помнікам вялікаму песняру, устаноўленым на плошчы, якая носіць яго імя ў сталіцы нашай рэспублікі», – пісаў беларускі мастак-графік, мастацтвазнаўца Ю. Карачун у прадмове да кнігі «Якуб Колас у творчасці мастакоў». На выставе прадстаўлены фотаздымкі, якія раскрываюць перад намі творчы працэс стварэння бюста пісьменніка З. Азгурам у сваёй майстэрні. Таксама прадстаўлены бюсты Якуба Коласа, якія зроблены беларускім скульптарам У. Летуном.
Запрашаем наведаць выставу!
НІА