З 28 па 31 сакавіка 2017 года пройдзе V Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі». Мерапрыемства праводзіцца раз у два гады, арганізатары – Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, Новы драматычны тэатр.

У фестывалі прымаюць удзел акцёры 11–17 год з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі – вучні школ і студый, дзе па спецыяльных праграмах дзеці вывучаюць асновы акцёрскага майстэрства, сцэнічнай мовы, сцэнічнага дзеяння, вакал, танцы, гісторыю тэатра і інш.

Адкрыецца форум на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача спектаклем «Сіняя птушка». Таксама там пакажуць «Звера» тэатра студыі «Дзверы» (Масква).

Астатнія спектаклі пройдуць на сцэне Новага драматычнага тэатра: «Русалачка» Дзіцячай тэатральнай школы мастацтваў № 2 (Мінск), «І зноў пра каханне» тэатра «Маска» асноўнай школы імя М. Горкага і тэатра «Талісман» гімназіі «Айтваро» (Клайпеда), «Цуд цудоўны» вучэбнага тэатра «ТУ-154» (Адэса), «Успаміны аб дзяцінстве» Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання (Рымдзюны), «Вандроўнік» тэатра Bel Etage (Беласток), «Класіка ў пыле» Ярвескай рускай гімназіі.

Нагадваем, што ўваход на ўсе спектаклі вольны, але ж прыходзьце, калі лі ласка, загадзя, дзеля таго каб распрануцца і заняць месцы ў зале.

Станьце часткай «Крокаў», завітайце на гэты міжнародны дзіцячы форум, бо менавіта тэатр напаўняе нашу душу светам, вучыць бачыць рэчы, людзей, самаго сябе і ясна разважаць. Прыемнага прагляду!

 

НІА