Газета творчай інтэлігенцыі Беларусі «Літаратура і мастацтва» адзначае 85-гадовы юбілей. Першы яе нумар пабачыў свет 26 лютага 1932 года. Гэта быўперыядычны орган Федэрацыі аб’яднанняў савецкіх пісьменнікаў БССР (з чэрвеня 1932 — Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР) і Галоўмастацтва БССР. Газета выходзіла тры разы на месяц на чатырох паласах. Адказным рэдактарам быў Х. Дунец. Сярод членаў рэдкалегіі – А. Александровіч, В. Вольскі, І. Гурскі, М. Лынькоў, І. Харык, К. Чорны. У час Вялікай Айчыннай вайны газета не выдавалася. У розны час галоўнымі рэдактарамі «ЛіМа» былі вядомыя беларускія пісьменнікі А. Куляшоў, В. Вітка, А. Жук, А. Вярцінскі, А. Пісьмянкоў, В. Шпіп, А. Казлоў, А. Карлюкевіч і інш.

«Літаратура і мастацтва» зараз – гэта штотыднёвік на 16 паласах, заснавальнікам якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”». На старонках газеты распавядаецца пра разнастайныя падзеі культурнага жыцця краіны, асэнсоўваецца сучаснае і мінулае беларускай літаратуры, тэатра, кіно, музыкі, жывапісу і іншых відаў мастацтва. Друкуе выданне літаратурныя творы і крытычныя артыкулы як вядомых майстроў слова, так і пачынаючых аўтараў. Менавіта ў «ЛіМе» з’явіліся ў свой час першыя творы слынных беларускіх паэтаў і празаікаў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Разанава. Вялікую цікавасць у чытачоў газеты выклікаюць і іншыя рубрыкі, напрыклад, «Лім-часопіс», «Пісьменнік і час», «Сцяжынамі памяці», «У кантэксце», «Art-кірунак», «Культурная прастора», «Кніжны свет», «Бібліятэчны сшытак», «Альтанка».

Газета «Літаратура і мастацтва» на працягу ўсёй сваёй гісторыі – гэта своеасаблівая візітная картка беларускай культуры, пляцоўка для сустрэч творчых і неабыякавых людзей.

НІА