10 верасня 2022 года падчас святкавання 955-годдзя Мінска ў Парку пісьменнікаў каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі пройдзе фестываль дзіцячай кнігі пад назвай «У гасцях у Францыска Скарыны».
Мерапрыемства распачне сваю работу а 12 гадзіне ў рамках народнага гуляння, арганізаванага Першамайскім райвыканкамам г. Мінска.
Свае кніжныя здабыткі прадставяць пісьменнікі Міхась Пазнякоў, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Алесь Бадак, Генадзь Аўласенка, Ніна Галіноўская. Да іх далучацца дзіцячыя аўтары з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія пацвердзяць, што пісаць кнігі для дзяцей – гэта быць свайго роду чараўніком. На фестываль таксама прыедуць ілюстратары, дызайнеры, дзякуючы якім кнігі ажываюць, становяцца прывабнымі.
На галоўнай пляцоўцы свята разгорнецца дзеянне па матывах кнігі творчага калектыву Ева НЭММ, калі героі з дапамогай чароўнага куфэрка аказаліся ў друкарні ХVI ст. разам з Францыскам Скарынам.
У фестывалі актыўны ўдзел возьмуць дзіцячыя бібліятэкі Мінска. Бібліятэкары распрацавалі літаратурна-пазнавальны квэст, падчас якога ўдзельнікі будуць праходзіць ад прыпынку да прыпынку, накіроўваючыся да фінішу. На кожным прыпынку – літаратурным, моўным, краязнаўчым, эрудытаў, хуткамовак – яны атрымаюць літару, што дазволіць пазней скласці слова. Кожны з прыпынкаў таксама будзе мець сваю адметнасць. Удзельнікаў чакаюць займальная віктарына «Скрозь шолах старонак», «Рамонкавая палянка пажаданняў», «Палянка малявашак», «Лабірынты ведаў».
Да фестывалю дзіцячай кнігі далучацца выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Народная асвета», Выдавецкі дом «Звязда», дзе выходзяць найбольш знакавыя ў нашай краіне выданні для дзяцей.
Падчас мерапрыемства кнігі можна будзе набыць з аўтографамі аўтараў.