Print
Category: Международные, республиканские, региональные выставки, ярмарки и др. мероприятия

20 жніўня 2022 года ў найпрыгажэйшым кутку Гомельскай вобласці, аг. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, ужо ў сёмы раз пройдзе Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся».

Мерапрыемства праводзіцца з 2010 года і прадстаўляе самабытную культуру жыхароў гэтага рэгіёну, іх народныя святы, абрады, фальклор, рамёствы, якія дайшлі да нашых дзён у незвычайна багатым выглядзе. У 2014 годзе фестывалю прысвоены статус «Міжнародны».

Традыцыйна ў фестывальных мерапрыемствах возьмуць удзел творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з Прыпяцкага Палесся: васьмі раёнаў Гомельскай (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і чатырох раёнаў Брэсцкай (Іванаўскі, Лунінецкі, Столінскі, Пінскі і г. Пінск) абласцей.

Улічваючы самабытнасць фестывалю і тое, што 2022 год у нашай краіне аб'яўлены Годам гістарычнай памяці, рэжысёрская канцэпцыя будзе прадстаўлена праз традыцыі палешукоў як пацвярджэнне імкнення захаваць спадчыну Палесся ва ўсёй яе першароднасці і шматграннасці. На канцэртных пляцоўках сваю творчасць прадэманструюць як прафесійныя калектывы Беларусі і Расіі, так і аматарскія.

Традыцыйна будзе арганізаваны «Палескі кірмаш», які прадставіць працу падворкаў кожнага палескага рэгіёна. Запланаваны інтэрактыўныя пляцоўкі, прысвечаныя актуалізацыі традыцыйнай народнай культуры беларусаў: «Рамесная слабада», «Хлебны фэст „Будзе хлеб – будзе і песня!“», «Фольк-фэст „Матчыны песні“».

Фестывальная праграма ўключае конкурс «Палеская Прыгажуня – 2022», абласны конкурс драўлянай скульптуры «Ажыўшая даўніна», выставы «Фестываль кнігі і прэсы», «Паляванне і рыбалоўства», «Турыстычнае Палессе», конкурс «Самы моцны паляшук», вечаровую шоу-праграму, маладзёжную танцавальна-забаўляльную праграму, феерверк і інш.

Упершыню запланавана правядзенне ЭтнаЗааФеста, Рыцарскага бугурт-фэста, гала-канцэрта адкрытага конкурсу аматарскіх харавых калектываў і вакальных ансамбляў народнай манеры выканання «КаверХорШоу» і вячэрняга воднага флайборд-шоу (Ніжні Ноўгарад).

Больш падрабязна з праграмай правядзення Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» можна азнаёміцца тут.

НІА