Прызнайцеся сабе, паважаныя дарослыя, як часта мы кажам фразу: «Сучасныя дзеці зусім не чытаюць і не жадаюць чытаць». Так казалі і раней. Тым не менш, статыстыка сцвярджае, што толькі каля 20 % падлеткаў чытаюць рэдка і пад прымусам, а самі ніколі б не ўзялі пачытаць кнігу.

Таму параім дарослым прапанаваць сваім дзецям цікавыя кнігі, а падлеткам – не чакаць парад дарослых, а самім шукаць тое, што захочацца перачытаць.

Мы падабралі для падлеткаў пяць кніг айчыннай і сусветнай літаратуры, якія выйшлі за апошнія гады. Гэтыя кнігі, спадзяемся, адкрыюць новы, зусім нязведаны свет або дапамогуць паглядзець інакш на той, у якім жывём мы.

Пачнём з дзвюх кніг замежных аўтараў.

Яўгеніёс Трывізас «Апошні чорны кот». Раман пабачыў свет у 2011 годзе і амаль адразу стаў папулярным ва ўсім свеце, трапіўшы ў дзясятку лепшых твораў для дзяцей.

Гэта гісторыя, якую расказаў чорны кот, пра злачынства, здзейсненае супраць яго супляменнікаў. Суполка прымхлівых людзей, якія называюць сябе Братэрствам, пераконвае жыхароў невялікага вострава, што чорныя каты прыносяць няшчасці. Людзі пачынаюць няшчадна знішчаць жывёл. Кніга ў даходлівай форме расказвае, што такое расізм, генацыд і чаму трэба крытычна ставіцца да сваіх і чужых меркаванняў.

Сяргей Пераляеў «Індыйскае кіно». Гэта зборнік апавяданняў для сямейнага чытання: для падлеткаў, іх бацькоў і бабуль з дзядулямі.

Кожны адкрые для сябе нешта смешнае, нешта рамантычнае і зможа параўнаць сябе з пазітыўным фантазёрам Сяргеем, які разам са сваім сябрам малюе на шпалерах фільм, піша раманы ў тоўсты сшытак… А потым хлопцы займаюцца бізнесам: прадаюць гномікаў з салёнага цеста, прадаюць звычайныя прыдарожныя камяні як камяні з возера Байкал. І шмат-шмат іншага… Папярэджваем, што апавяданні С. Пераляева прымусяць смяяцца доўга, нястрымана, а таксама ўспомніць першыя рамантычныя пачуцці і зноў перажыць светлы сум…

Ад замежных не адстаюць і беларускія аўтары. Зараз з’яўляецца шэраг незвычайных і цікавых кніг.

Валерый Гапееў «Мая мілая ведзьма». У 2018 годзе гэты твор, на думку журы літаратурнай прэміі Цёткі, стаў лепшым у намінацыі «Лепшая кніга для дзяцей і падлеткаў».

Гэта нясумная кніга пра паўсядзённыя клопаты падлеткаў, дзе няма пафасу, але расказваецца, чаму трэба любіць тую зямлю, на якой жывеш, чаму трэба трымаць сувязь з продкамі. «Час не можа прыйсці, час ніколі не прыходзіць. Час можа ўсяго прайсці і адысці назаўсёды», – сцвярджае В. Гапееў.

Асноўнае дзеянне адбываецца ў звычайнай школе, у звычайным 10-м класе, куды прыходзіць вучыцца новенькая – Ядвіга Лелька. Дзяўчына знаёміцца з Кірам, Юрасём і Уладзем і сцвярджае, што яна ведзьма… Затое тут ёсць сапраўднае сяброўства, ёсць выпрабаванне гэтага пачуцця.

Аляксей Шэін «Сем камянёў». У 2017 годзе кніга была адзначана Еўрапейскім таварыствам навуковай фантастыкі за лепшы літаратурны дэбют.

Раман Аляксея Шэіна прызначаны для аматараў фантастыкі. На першы погляд, можна падумаць, што гэта наш адказ замежнаму Гары Потару, але твор цалкам арыгінальны і незвычайны.

Галоўны герой Ясь, пра з’яўленне якога было напісана ў старажытных летапісах і называўся ён там Дастойны, апынуўся ў дзівоснай краіне Эферыі. Толькі ён можа раскрыць таямніцу сямі камянёў, выратаваць жыццё сваёй сяброўкі і вярнуць свабоду Эферыі. І так важна зразумець, што «…праблема Вормара і ягоных памагатых у тым, што яны не ведаюць сваёй краіны. Але каб спазнаць, спачатку трэба палюбіць».

Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Гэта першая з пяці кніг пра Пранціша Вырвіча. Летам 2018 года «Беларусьфільм» анансаваў пачатак работы над фільмам паводле гэтага рамана.

Прыгодніцкі і фантасмагарычны раман знаёміць з шляхціцам Пранцішам Вырвічам і яго спадарожнікам Баўтрамеем Лёднікам. Авантуры сяброў адбываюцца ў ХVІІІ ст., калі разгортваюцца нежартоўныя магнацкія інтрыгі. Разам з Баўтрамеем Пранціш трапляе ў Слуцкі замак, становіцца ўдзельнікам барацьбы паміж Радзівіламі і Сапегамі за старажытны артэфакт. Увогуле, гэта сучасны беларускі авантурны раман, які вызначаецца дынамічнасцю, іранічнасцю, насычаны сцэнамі з бойкамі, пагонямі, таямніцамі ў сутарэннях старажытных замкаў. Тут дзейнічаюць чароўныя прыгожыя дамы і мужныя шчодрыя мужчыны.

Упэўнены, прачытаўшы гэты твор, вы абавязкова звернецеся да іншых раманаў Л. Рублеўскай гэтай серыі – «Авантуры студыёзуса Вырвіча», «Авантуры драгуна Вырвіча», «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара», – бо беларускія прыгоды не менш захапляльныя, чым прыгоды французскіх мушкецёраў.

 

Пачытаем?

НІА