Print
Category: Праздники и знаменательные даты (архив)

9 Мая – Дзень Перамогі – адно з самых важных святаў для нашай краіны. Паўсюль адбываюцца цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў да помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, праводзяцца мерапрыемствы ўшаноўвання ветэранаў, арганізуюцца святочныя канцэрты, рэканструкцыі вайсковых аперацый… Гэта дзень, калі варта нагадаць пра асоб, якія рабілі ўсё, каб мы маглі святкаваць Дзень Перамогі.

Важнае месца ў гісторыі Вялікай Айчыннай займала абарона Магілёва – адна з самых трагічных старонак, дзе ў поўнай меры праявіліся гераізм і самаадданасць людзей. Без танкаў, без належнага авіяцыйнага прыкрыцця і матэрыяльнага забеспячэння, без доўгачасовых абарончых збудаванняў ва ўмовах акружэння людзі 23 дні стрымлівалі націск механізаваных спалучэнняў гітлераўцаў.

Адным з першых, хто праўдзіва расказаў пра тыя дні абароны Магілёва, быў ваенны журналіст, вядомы пісьменнік Канстанцін Сіманаў. 20 ліпеня 1941 года ў газеце «Известия» выйшаў яго артыкул «Гарачы дзень», дзе Магілёў пазначаны як горад Д.:

«Полк, якім камандуе палкоўнік Куцепаў, ужо шмат дзён абараняе горад Д.

– Снарадаў і патронаў у нас дастаткова, а ісці назад мы ўсё роўна не збіраемся, – кажа т. Куцепаў.

І калі ўязджаеш у размяшчэнне палка, то бачыш, што байцы тут вырашылі хутчэй памерці, чым адступіць».

Пазней Куцепаў стане прататыпам генерала Сярпіліна ў трылогіі К. Сіманава «Жывыя і мёртвыя».

Салдаты Куцепава і іншыя абаронцы Магілёва развеялі міф пра непераможнасць фашысцкіх захопнікаў, паказаўшы ўсяму свету, што ўмелая арганізацыя, разумная стратэгія і тактыка могуць стрымліваць ворага, які мае значна больш тэхнікі і салдатаў. 11 ліпеня 1941 года 388 стралковы полк пад камандаваннем Сямёна Фёдаравіча Куцепава падбіў 39 нямецкіх танкаў.

Яго дачка Т. С. Пярова успамінала, што бацька ўвесь час быў заняты службай і сваімі падначаленымі:

«Хадзіў з салдатамі у шматдзённыя паходы, на вучэнні і вылазкі. Салдаты яго надта любілі, часта пасля дэмабілізацыі пісалі яму лісты.

Бацька вельмі любіў дзяцей, і калі прыязджаў дадому, прасіў сваіх памочнікаў пакатаць дзяцей на санях, а калі стаў камандзірам палка – на машыне. Ён заўсёды імкнуўся ўдзяліць нам з братам хаця б хвілінку ўвагі, расказваў дзіцячыя казкі, вершы А. С. Пушкіна, шмат з якіх ведаў на памяць, слухаў разам з намі кружэлкі з песнямі.

… 24 чэрвеня 1941 года бацька з палком адправіўся на фронт. Многія плакалі, расстаючыся з блізкімі… Мама не плакала, і бацька за гэта яе пахваліў. Яму хацелася абавязкова вярнуцца жывым з вайны».

З фронта Сямён Фёдаравіч паспеў даслаць некалькі лістоў, у якіх выказваў клопат пра сям’ю і надзею на перамогу і сустрэчу. У звароце да жонкі пісаў: «Дзеці абавязкова павінны вучыцца, так іх і настройвай».

Зінаіда Андрэеўна выканала гэту апошнюю просьбу мужа: дзеці скончылі політэхнічны інстытут і сталі высакакласнымі спецыялістамі.

Лёс жа Сямёна Фёдаравіча невядомы. Ён прапаў без вестак падчас выхаду з акружэння. Ёсць некалькі версій яго гібелі. Па адной з іх С. Куцепаў быў забіты 25 ліпеня 1941 года нямецкімі дыверсантамі. Па другой – загінуў падчас выхаду з акружэння. Па трэцяй – паранены Сямён Фёдаравіч у непрытомным стане трапіў у палон, уцёк і змагаўся у партызанах на тэрыторыі Беларусі, але ў снежні 1941 ці ў студзені 1942 загінуў.

Зараз у Магілёве імем С. Ф. Куцепава названа вуліца і ўстаноўлены бюст і мемарыяльная дошка. У гонар абаронцаў горада на Буйніцкім полі ёсць абеліск, а ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная вялікаму палкаводцу.

Камень і бронза дапамагаюць нам захаваць памяць пра людзей, якія аддалі сваё жыццё, поўнае любові, кахання, пяшчоты, надзеі, для таго, каб усё гэта мелі мы з вамі сёння.

 

НІА
па матэрыялах «Могилевского поискового вестника»