З 24 па 26 сакавіка 2017 года ў Мінску пройдзе ІІІ Міжнародны конкурс-фестываль «Скрыжаванні. Мінск». Мерапрыемства праводзіцца з мэтай адраджэння, захавання і развіцця нацыянальных культур, павышэння прафесійнага майстэрства і кваліфікацыі кіраўнікоў, педагогаў творчых калектываў і выканаўцаў і накіравана на выяўленне і падтрымку найбольш таленавітых і перспектыўных творчых калектываў, наладжванне творчых кантактаў, умацаванне міжнародных сувязяў і супрацоўніцтва праз дзіцячую творчасць, фарміраванне творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення.
Удзельнікамі фестывалю з’яўляюцца каля 2000 дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 5 да 25 гадоў з Беларусі і больш як 10 краін свету: Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, Аўстрыі, Партугаліі, Італіі, Грузіі і інш.
Творчае спаборніцтва пройдзе ў наступных намінацыях:
- Харэаграфічны жанр (ансамблі, малыя формы і салісты): класічная харэаграфія, народная харэаграфія, народна-стылізаваная харэаграфія, сучасная харэаграфія, эстрадная харэаграфія, дзіцячы сюжэтна-гульнявы танец, усходні танец, спартыўны танец, вулічныя напрамкі (hip-hop, хаус, тэхна, дыска, стрыт, электрык бугі, брэйк-данс, поп-локінг і іншыя вулічныя стылі), бальны танец (еўрапейская праграма, лацінаамерыканская праграма), гісторыка-бытавы танец.
- Вакальны жанр (ансамблі, малыя формы і салісты): акадэмічны, народны, эстрадны, джазавы.
- Харавы жанр: акадэмічны, эстрадны, джазавы, народны.
- Інструментальны жанр (аркестры, ансамблі, малыя формы і салісты): класічны, народны, эстрадны, джазавы.
- Фальклорна-этнаграфічны жанр: пастаноўка, створаная на аснове фальклору, народных (рэгіянальных, мясцовых) звычаяў і абрадаў.
- Тэатральны жанр: музычны спектакль (мюзікл, балет, опера), драматычны спектакль, камерны спектакль, тэатр танца, тэатр лялек, тэатры пластыкі і пантамімы, вулічны тэатр, тэатр пародый, тэатр ценяў, монаспектакль, эксперыментальны жанр.
- Цыркавы жанр (ансамблі, малыя формы і салісты): акрабатыка, клаўнада, гімнастыка, каўчук, эквілібрыстыка, жангліраванне, шоу з прадметам, ілюзіён, арыгінальны жанр.
- Тэатр моды: прэ-а-партэ, вячэрняе адзенне, нацыянальны касцюм, гістарычны касцюм, сучасны касцюм, фантазійнае адзенне, адзенне дзелавога стылю, адзенне для спорту і адпачынку.
- Бардаўская песня: аўтарская (поўнае аўтарства – выканаўца аўтар і слоў, і музыкі; няпоўнае аўтарства – выканаўца альбо аўтар тэксту, альбо музыкі), выканальніцкая.
- Выяўленчае мастацтва: жывапіс, графіка, мастацкая фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Ацэньвацца конкурсныя выступленні будуць па напрамках адкрытым галасаваннем міжнароднага журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі сямі краін свету. Удзельнікі і лаўрэаты будуць узнагароджаны дыпломамі, фестывальнымі медалямі і кубкамі, а таксама спецыяльнымі прызамі.
З праграмай фестывалю можна пазнаёміцца тут.
НІА