З 4 студзеня па 3 лютага 2016 года ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць выстава «Святло чалавечай душы», прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Анатоля Паўлавіча Кудраўца.
Анатоль Кудравец (1936–2014) – празаік, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1986), кавалер ордэна Дружбы народаў – пакінуў у беларускай прозе пасляваеннага пакалення глыбокі, своеасаблівы літаратурны след. Вострае адчуванне часу, узважанасць і вобразнасць слова, свежае бачанне прыгажосці роднай зямлі, дакладнасць псіхалагічнага малюнка чалавечай душы спалучаюцца ў пісьменніка з сыноўняй любоўю да Радзімы, клопатам пра перамогу праўды, шчасце для ўсіх, хто варты простага і гордага звання Чалавек. Прызнанне да маладога літаратара прыйшло ўжо пасля выдання першага зборніка апавяданняў «На зялёнай дарозе», які выйшаў у свет у 1968 годзе.
«Чаму я пачаў пісаць? Мабыць, таму, што не пісаць не мог», – адзначаў у аўтабіяграфіі пісьменнік.
Юбілейную выставу адкрывае калекцыя ўласных твораў Анатоля Кудраўца, дзе прадстаўлены збор твораў аўтара, кнігі прозы, часопісныя артыкулы за розныя гады. Сярод іх варта асабліва адзначыць раман «Сачыненне на вольную тэму» (1985), у якім створаны маштабны, каларытны вобраз селяніна, сумленнага працаўніка і абаронцы роднай зямлі. За гэты твор Анатоль Кудравец атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Я. Коласа (1986).
Значную ролю ў дзейнасці пісьменніка займае літаратурны пераклад. Дзякуючы таленту Анатоля Кудраўца на беларускай мове загучалі «Рабінзон Круза» Д. Дэфо, «Падарожжы Гулівера» Дж. Свіфта і інш. Разам з перакладамі твораў самога аўтара на розныя мовы (англійскую, нямецкую, эстонскую, рускую і інш.) яны складаюць другі раздзел выставы.
Біяграфічныя звесткі, а таксама шматлікія даследчыя матэрыялы па мастацкай спадчыне Анатоля Кудраўца, змешчаныя ў часопісных, энцыклапедычных артыкулах і асобных выданнях, уваходзяць у трэцюю частку экспазіцыі.
На выставе сабрана больш за 90 дакументаў.
НІА
па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі