У межах рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта «КнігаСвет» 17 лістапада 2017 года пачне работу Рэспубліканская чытацкая сесія «„ЧЫТАЧ – гэта культурны статус“: расцём з „КнігаСветам“», арганізатарамі якой выступілі Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“» (газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Нёман», «Полымя», «Маладосць», «Бярозка»), Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установа «Рэдакцыя газеты „Настаўніцкая газета“» пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Інавацыйны паводле шляхоў і сродкаў рэалізацыі праект «КнігаСвет» мае на мэце стварэнне ўмоў для шматвектарнага развіцця культуры чытання беларускага грамадства, інтэнсіфікацыі працэсаў, звязаных з выхаваннем кампетэнтнага, кваліфікаванага чытача на працягу ўсяго жыцця, а таксама для фарміравання і развіцця адкрытага інавацыйнага асяроддзя, арыентаванага на актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжнасці літаратуры і чытання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці (чытачоў розных узростаў, літаратараў, выдаўцоў, бібліятэкараў, педагогаў, навучэнцаў і інш.).

Рэспубліканская чытацкая сесія «„ЧЫТАЧ – гэта культурны статус“: расцём з „КнігаСветам“» заклікана стаць адным з важных крокаў па рэалізацыі праекта «КнігаСвет».

Праблематыка мерапрыемства адлюстроўвае комплексны характар задач, звязаных з выпрацоўкай і рэалізацыяй нацыянальнай стратэгіі падтрымкі чытання, якое сёння айчыннымі і замежнымі даследчыкамі, экспертамі разглядаецца ў якасці аднаго з рэсурсаў інавацыйнага развіцця грамадства. Праблемнае поле форуму ўключае шэраг востра актуальных пазіцый, у ліку якіх:

  1. Фарміраванне кампетэнтнага чытача ў сістэме бесперапыннай літаратурнай адукацыі; развіццё чытацкай граматнасці як аднаго з ключавых навыкаў чалавека інфармацыйнага грамадства. Даследаванне тэксту ў структурна-сэнсавым і камунікатыўным аспектах. Навучальны тэкст і праблемы сучаснага падручніка. Праграмнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне літаратурнай і моўнай адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
  2. Праблемы кніжнай індустрыі: забеспячэнне разнастайнасці і высокай якасці друкаванай прадукцыі, яе эфектыўнае распаўсюджванне па ўсёй тэрыторыі краіны. Сучасныя фарматы кніжных выданняў. Тэндэнцыі і рызыкі развіцця беларускага кнігавыдання. Кадравае забеспячэнне кніжнай індустрыі: праблемы і перспектывы.
  3. Сучасная бібліятэка як сацыяльны і культурны інстытут. Роля сучасных бібліятэк у развіцці нацыянальнай прасторы чытання.
  4. Магчымасці музеяў, галерэй, тэатраў у фарміраванні грамадскай думкі пра каштоўнасць і значнасць чытання і кніжнай культуры.
  5. Медыяадукацыя: змест, тэхналогіі і метады ажыццяўлення. Новыя падыходы даінфармацыйна-медыйнай працы ў педагагічнай сферы. Інфармацыйныя (камп’ютарныя, мультымедыйныя) тэхналогіі ў вывучэнні і выкладанні філалагічных дысцыплін. Літаратура ў інтэрнэт-прасторы: формы існавання і шляхі актуалізацыі.

Удзельнікамі сесіі будуць пісьменнікі і педагогі, выдаўцы і навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэк, музеяў, галерэй, тэатраў і спецыялісты сістэмы адукацыі, навучэнцы школ і каледжаў, студэнты.

У межах сесіі мяркуецца работа секцый, круглага стала, правядзенне тэматычных адкрытых дыскусій.

Удзельнікам мерапрыемства і прадстаўнікам СМІ будзе прэзентаваны інтэрнэт-рэсурс «КнiгаСвет», які на працягу года функцыянаваў як эфектыўны інструмент інавацыйнага развіцця сацыякультурнай прасторы чытання.

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў віртуальнай выставы «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа», арганізаваных Нацыянальным інстытутам адукацыі, удзельнiкаў чакае атмасфера сапраўднага свята.

У якасці чаканага эфекту мерапрыемства можна разглядаць павышэнне матывацыі для пашырэння чытацкага кругагляду ў прадстаўнікоў розных чытацкіх пакаленняў дзякуючы знаёмству з набыткамі сучаснага беларускага мастацтва слова, кнігавыдання, а таксама праз далучэнне да разнастайных адукацыйных, інфармацыйна-асветніцкіх ініцыятыў, медыйных падзей, праз асабістае ўключэнне ў стварэнне і развіццё пляцовак для ўзаемадзеяння прафесійнага, творчага і асобаснага.

Інфармацыйны ліст, прэс-рэліз і іншыя матэрыялы, якія суправаджаюць мерапрыемства, размешчаны на старонках нацыянальнага адукацыйнага партала http://adu.by, інтэрнэт-рэсурсу «КнігаСвет», афіцыйнага сайта Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“», сайтах Дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установы «Рэдакцыя газеты „Настаўніцкая газета“», а таксама на афіцыйных старонках нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльных сетках Facebook, «ВКонтакте», у сродках масавай інфармацыі.

Адрас аргкамітэта:
220004, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Караля, д. 16, каб. 325.
Кантактная інфармацыя:
тэл.: +37 (17) 229-19-67 Гульнара Мансураўна Юсцінская;
+375 (17) 287-18-38 Наталля Міхайлаўна Кароткая;

е-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.; This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.

 

Адукацыйны цэнтр НІА