Print
Category: Культура (архив)

Эдуард Людвігавіч Самуйлёнак – беларускі празаік, драматург – нарадзіўся 5 жніўня 1907 года ў рабочай сям’і. Вучыўся ў Петраградскай польскай гімназіі. Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў вёсцы Бандзелі Верхнядзвінскага раёна, куды маці пасля мабілізацыі мужа ў Чырвоную Армію (1918) пераехала на сталае жыхарства. Хадзіў пільшчыкам па вёсках, займаўся самаадукацыяй. Уваходзіў у нефармальнае аб’яднанне ТАВІЗ. Загадваў хатай-чытальняй, быў сакратаром камсамольскай ячэйкі Росіцкага сельсавета.

У 1929–1930-я гады служыў у Чырвонай Арміі. Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная Полаччына» (1930—1933), «Літаратура і мастацтва» (1934–1939).

Эдуард Самуйлёнак з’яўляецца аўтарам п’ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», апублікавана і пастаўлена ў 1935 годзе), «Пагібель воўка» (апублікавана і пастаўлена ў 1939 годзе). Аповесць «Тэорыя Каленбрун» – твор, прысвечаны барацьбе польскіх працоўных супраць фашызму, – убачыла свет у 1933 годзе.

У 1934 годзе Самуйлёнак пераехаў у Мінск, дзе цалкам заняўся літаратурнай працай. З ініцыятывы Максіма Горкага ў маі 1935 года разам з Віталём Вольскім, Міколам Хведаровічам і Барысам Мікулічам паехаў у Грузію для абмену творчым вопытам і ўстанаўлення культурных сувязей паміж братнімі рэспублікамі, вынікам чаго з’явіліся нарысы «Сакрэт Кварцхелія», «Аджарыс – Цхалі», «Радзіма марганца» і першая кніга рамана «Будучыня» (1936–1938).

У 1937 годзе пісьменнік выдаў кнігу апавяданняў «Дачка эскадрона», а ў 1938 – раман «Будучыня», у якім расказаў пра жыццё грузінскага народа і яго барацьбу за Савецкую ўладу. Мажліва, якраз многія старонкі і аповесці, і рамана былі напісаны ў Мар’інай Горцы.

Эдуард Людвігавіч Самуйлёнак быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939).

Памёр пісьменнік 12 лютага 1939 года, маючы за плячыма ўсяго толькі трыццаць адзін год жыцця. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

 

НІА