30 красавіка 2017 года ў Мінску ўпершыню адбудзецца свята беларускай культуры «Вытокі». На тэрыторыі Верхняга горада (плошча Свабоды, дзе знаходзіцца Мінская ратуша) можна будзе далучыцца да спрадвечных нацыянальных традыцый. Арганізатары мерапрыемства – Мінскі гарвыканкам і грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці» – запрасілі да ўдзелу знакамітыя мастацкія калектывы і лепшых рамеснікаў з усёй краіны.

Святочны настрой гасцям свята будуць ствараць народны ансамбль «Вязынка», ансамбль народнай песні «Церніца», Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Навучыцца самому спяваць народныя песні можна будзе падчас «Спеўнага сходу», які правядзе музыкант і саліст групы Vyraj Сяржук Доўгушаў. Музыкант Павел Бортнік запросіць усіх жадаючых глыбей спазнаць творы Станіслава Манюшкі і Міхала Клеафаса Агінскага. У праграме таксама жаночыя спевы з калектывам «Мярэжа» і мужчынскія – з калектывам «Рада», калектыўнае развучванне застольных песень.

Вандруючы па вулачках Верхняга горада, можна будзе пазнаёміцца з практычна ўсімі відамі традыцыйных і сучасных народных рамёстваў. Больш за 200 майстроў народнай творчасці і рамеснікаў прадставяць тут свае вырабы. Не абыдзецца свята і без пачастункаў: на працягу ўсяго дня – дэгустацыя разнастайных блюд беларускай нацыянальнай кухні.

Свята беларускай культуры «Вытокі» распачынае летні музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе. Урычыстае яго адкрыццё адбудзецца а 13 гадзіне.

 

НІА