Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ў межах рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» працягвае прыём работ на конкурс «Юны натураліст».
Мерапрыемства праводзіцца з мэтай папулярызацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах эколага-біялагічнага накірунку, дэманстрацыі дасягненняў юных эколагаў і біёлагаў праз стварэнне праектаў, малюнкаў эколага-біялагічнага накірунку.
Асноўнымі яго задачамі з’яўляюцца:
- выхаванне патрыятызму і пачуцця любові да Радзімы праз прывіццё павагі да прыроды роднага краю;
- развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў сродкамі праектнай і мастацкай дзейнасці;
- выяўленне і заахвочванне таленавітых дзяцей і падлеткаў, прадастаўленне дадатковых магчымасцей для іх самарэалізацыі;
- стварэнне спрыяльнага асяроддзя для раскрыцця магчымасцей творчага патэнцыялу і фармiравання мастацкага густу асобы.
Конкурс ладзіцца ў чатыры этапы, першыя тры – адборачныя. Чацвёрты (заключны) этап – рэспубліканскі – праходзіць у два туры: папярэдні і выніковы. На папярэднім туры разглядаюцца справаздачныя матэрыялы пераможцаў абласных этапаў конкурсу, а на выніковым – творчая абарона конкурсных работ.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца асобныя навучэнцы і творчыя калектывы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, аб’яднанняў па iнтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: «Расліна з мары», «Сэрца Зямлі маёй», «Цікавае побач».
Намінацыя «Расліна з мары» (калектыўная, праходзіць ва ўзроставай катэгорыі навучэнцаў 12–16 гадоў) прадугледжвае стварэнне навукова-даследчага праекта па вырошчванні травяністай (гародніннай ці кветкавай) расліны. Абавязковым для выканання з’яўляецца пакрокавае апісанне выкананай працы, якое пацверджана фотаздымкамі, дзе бачны дзеянні юных даследчыкаў. Да справаздачы прыкладаецца прэзентацыя праекта.
У намінацыі «Сэрца Зямлі маёй» (індывідуальная, праводзіцца ў двух узроставых катэгорыях: 8–11 гадоў і 12–16 гадоў) прадстаўляюцца малюнкі, якія адлюстроўваюць непаўторныя вобразы роднай прыроды. Работы павінны быць выкананы ў фармаце А3 у любой выяўленчай тэхніцы і аформлены без паспарту ў драўлянай рамцы светлага колеру.
Намінацыя «Цікавае побач» (калектыўная, праводзіцца ва ўзроставай катэгорыі навучэнцаў 12–16 гадоў) прадугледжвае мультымедыйную прэзентацыю экалагічнай сцежкі, якая распрацавана, створана і выкарыстоўваецца ва ўстановах адукацыі для экалагічнага выхавання дзяцей і моладзі. Колькасць слайдаў не павінна перавышаць 30 адзінак.
Работы (па 6 лепшых у кожнай намінацыі – пераможцы абласных і Мінскага гарадскога этапаў конкурсу) і пратакол пасяджэння журы неабходна даслаць на рэспубліканскі этап конкурсу да 10 кастрычніка 2016 года на адрас УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства».
Вынікі падводзяцца завочна да 22 лістапада 2016 года.
Падрабязней з Палажэннем аб правядзенні конкурсу можна азнаёміцца тут.
НІА