18 і 19 ліпеня 2025 года ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці пройдзе традыцыйны «Вішнёвы фестываль».
У гэтыя дні горад ператворыцца ў цэнтр ягаднага свята са спартыўнымі актыўнасцямі, інтэрактывамі і, вядома, вішняй. Чакаюцца канцэрты, конкурсы, майстар-класы, кірмаш.
Святочны дзень пачнецца з бадзёрага настрою – на беразе возера Кагальнае пройдзе «Вішнёвы забег 2025», а крыху пазней на цэнтральнай плошчы гледачоў парадуе самы жартоўны старт – «Забег вішнёвых слімакоў». Цэнтральнай падзеяй 18 ліпеня стане гала-канцэрт «Вішнёвая квецень сяброўства» на беразе возера Кагальнае.
Таксама на розных пляцоўках горада разгарнуцца квэсты, турніры і конкурсы, уключаючы шахматны марафон «Шахматны Алімп» і Міжнародны турнір па міні-футболе з удзелам каманд з Беларусі, Літвы і Расіі.
Для гурманаў прыгатаваны сапраўдныя вішнёвыя прысмакі: можна будзе прадэгуставаць лепшыя далікатэсы на выставе «Смак вішні – мой любімы смак», а пазней – паспрабаваць варэнне, прыгатаванае па сямейных рэцэптах мясцовых жыхароў.
Асаблівае месца ў праграме зойме рамантыка: у скверы горада прагучаць вясельныя клятвы на ўрачыстай цырымоніі «Вішнёвае вяселле». Творчыя ж натуры змогуць натхніцца на конкурсах галаўных убораў, выставе парасонаў і фотавыставах. Не абыдзецца і без музычнай разнастайнасці: публіку парадуюць і гарманісты, і цыркавыя артысты, і народныя калектывы.
Кульмінацыяй дня стане святочнае закрыццё фестывалю – канцэрт з удзелам знакамітых артыстаў, аўкцыён «Вішнёвы пірог» і выступленне кавер-гурта. Роўна апоўначы 19 ліпеня неба над возерам асвяціць яркі феерверк, пасля якога пачнецца начная дыскатэка.
Мерапрыемства будзе цікава і дзецям: іх чакаюць атракцыёны, фестываль фарбаў, гіганцкія галаваломкі і шмат займальных сюрпрызаў.
«Вішнёвая сталіца» Глыбокае запрашае правесці гэтыя дні ярка, смачна і з душой у атмасферы сапраўднага свята.
Падрабязней з праграмай фестывалю можна азнаёміцца тут.
Падрыхтавана паводле сайта https://www.glubokoe.vitebsk-region.gov.by