.

.
МЕНЮ

Да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

«Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў»
Уладзімір Караткевіч

26 лістапада 2025 года знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу споўнілася б 95 гадоў.

Уладзімір Караткевіч – адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры як другой паловы XX стагоддзя, так і ХХІ стагоддзя. Раман пісьменніка «Каласы пад сярпом тваім» і дагэтуль застаецца найбольш запатрабаванай кнігай у беларускім кніжным продажы.

Нарадзіўся будучы класік літаратуры ў 1930 годзе ў Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Дзяцінства У. Караткевіча, як і многіх аднагодкаў, было апалена вайной, што застала яго ў Маскве. У Расіі хлопчык скончыў шэсць класаў, а пасля разам з маці пераехаў у Кіеў, дзе жыла яго цётка.

Пасля вызвалення Беларусі сям’я Караткевічаў вяртаецца на радзіму ў Оршу, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1949–1954 гадах У. Караткевіч вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі.

У адным з лістоў у Беларусь даслаў вершы на роднай мове. Сябар аддаў іх у рэдакцыю часопіса. У 1955 годзе ў «Полымі» быў надрукаваны верш У. Караткевіча «Машэка». З гэтага часу вядзецца адлік літаратурнай дзейнасці пісьменніка.

Пасля вучобы працаваў настаўнікам, пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958–1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве і стаў прафесійным пісьменнікам.

Уладзімір Караткевіч – сапраўдны майстра, яго ведае ўся Беларусь, чытачы з усёй краіны шануюць яго мастацкае слова. Для многіх беларусаў менавіта Уладзімір Сямёнавіч на ўсё жыццё стаў любімым пісьменнікам і адкрыў жанр гістарычнага дэтэктыву.

З яго раманаў, аповесцяў і апавяданняў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Аліва і меч», «Нельга забыць» і іншых пачынае сцвярджаць сябе новы жанр – беларуская навукова-мастацкая гістарычная літаратура. Шырокую вядомасць прынёс У. Караткевічу раман «Чорны замак Альшанскі», які лічыцца псіхалагічным дэтэктывам і за які ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа. У 2024 годзе паводле гэтай кнігі ў расійскім кінематографе выйшла сучасная кінастужка «Чорны замак».

Багатая і разнастайная паэзія У. Караткевіча прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа. У сваіх вершах ён імкнуўся аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі беларускага народа. Паэт шырокага кругагляду, ён раскрыў свой талент і як даследчыка глыбінных каранёў свайго народа.

У 1974 годзе ўбачыла святло рампы гістарычная п’еса У. Караткевіча «Званы Віцебска». Аўтара ўпершыню выбралі ў праўленне Саюза пісьменнікаў БССР, сталі запрашаць у высокія інстанцыі, каб параіцца па розных пытаннях нацыянальнай культуры, даверылі весці на беларускім тэлебачанні праграму «Спадчына».

У. Караткевіч таксама напісаў шэраг п’ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваныя ў п’есах «Кастусь Каліноўскі», «Калыска чатырох чараўніц», «Маці ветру».

Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. Ён аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа.

25 ліпеня 1984 года У. Караткевіча не стала. Пахаваны пісьменнік на Усходніх могілках у Мінску.

Чаму кнігі Уладзіміра Сямёнавіча папулярныя і ў наш час? Аўтар быў верны свайму літаратурнаму крэда: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя». І сапраўды, Караткевічавым словам гаворыць з усім светам душа Беларусі.

Падрыхтавана паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

 16, Korolya Street, Minsk, 220004

         Contacts

         "Adukatsiya" Textbook Store

         e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.