.

.
МЕНЮ

Да 75-годдзя з дня нараджэння Аляксея Дударава

Нікому з беларускіх драматургаў не ўдаецца ўзнаўляць падзеі далёкага
мінулага з такой яркасцю і маляўнічасцю, як гэта робіць А. Дудараў.
С. Лаўшук

Аляксей Дудараў – вядомы беларускі драматург і празаік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Яго п’есы з поспехам ставяцца ў тэатрах не толькі Беларусі, але і за мяжой. Сёння, 6 чэрвеня, адзначаецца 75-годдзе з дня нараджэння таленавітага майстра драматургіі.

Нарадзіўся Аляксей Ануфрыевіч Дудараў ў вёсцы з мілагучнай назвай Кляны на Віцебшчыне ў сям’і калгаснікаў. Пасля заканчэння ў 1967 годзе Кляноўскай сярэдняй школы хлопец марыў паступіць у ваеннае вучылішча, стаць афіцэрам. Але лёс распарадзіўся іначай: Аляксей не прайшоў ваенкаматаўскую медыцынскую камісію і паступіў у Наваполацкае прафтэхвучылішча нафтавікоў. За год яго скончыў, працаваў слесарам на Полацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Затым былі служба ў войску і яшчэ два гады працы нафтавіком.

У 1976 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно», быў запрошаны на працу ў Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, дзе з 1976 па 1979 год быў акцёрам, загадваў літаратурнай часткай. Потым працаваў у складзе сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм». У 1991–2002 гг. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва».

У 1979 годзе ўбачыла свет першая кніга апавяданняў А. Дударава – «Святая птушка», асноўнымі тэмамі якой з’яўляюцца асэнсаванне маральна-этычных каштоўнасцей народнага жыцця, нацыянальных традыцый, агульначалавечых ідэалаў, лёс вёскі і яе жыхароў. Неўзабаве выйшлі з друку драматычныя творы пісьменніка – п’есы «Выбар» (1982), «Парог» (1983), «Радавыя» (1984), «Вечар» (1985), «Злом» (1987) і іншыя, якія з поспехам ставіліся ў тэатрах Беларусі і за яе межамі.

Асобным этапам творчасці А. Дударава стала яго кінадраматургічная і акцёрская дзейнасць. Аляксей Ануфрыевіч зняўся ў мастацкіх фільмах у ролях: Адама («Госць», 1979), Станіслава Іванавіча («Яго адпачынак», 1981), Янука («Купальская ноч», 1982). Паводле яго сцэнарыяў пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы на кінастудыі «Беларусьфільм» і беларускім тэлебачанні: «Кола», «Дэбют», «Бусляня», «Суседзі», «Купальская ноч», «Белыя Росы» і інш. Героем кінасцэнарыяў А. Дударава становіцца «выключны» герой-дзівак у надзвычайнай, «сканструяванай», эксперыментальнай сітуацыі, які пратэстуе супраць унармаванасці сацыяльнага жыцця, казёншчыны.

У перыяд працы галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва» з-пад пяра драматурга выходзяць гістарычныя драмы «Князь Вітаўт» (1993), «Купала» (1994), «Палачанка» (1998), «Чорная панна Нясвіжа» (1998), «Ядвіга» (2006) і інш.

У 2009 годзе паводле сцэнарыя драматурга зняты кінафільм «Дняпроўскі рубеж». Дудараў з’яўляецца таксама адным з аўтараў легендарнага фільма «Брэсцкая крэпасць» (кінастудыя «Беларусьфільм», 2010). У 2014-м кінадраматург стварыў сцэнарыі  фільма «Не пакідай мяне» і кінастужкі «Белыя росы. Вяртанне» (сумесна з Аляксандрай Бутор і Юліяй Гірэль).

П’есы А. Дударава – гэта вынік творчага пошуку, які яднае мастацкую традыцыю з наватарствам, раскрыццём, пераасэнсаваннем, а часам і мастакоўскім пераадоленнем новых рэалій.

Ушанаваны шэрагам урадавых узнагарод, у тым ліку ордэнам «Знак Пашаны». Адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, прэміямі Ленінскага камсамола Беларусі і Усесаюзнага Ленінскага камсамола. За сцэнарый фільма «Белыя Росы», а таксама за п’есы «Парог», «Вечар», «Радавыя», «У прыцемках», «Чорная панна Нясвіжа» пісьменнік атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).

Пайшоў з жыцця вялікі драматург 27 лютага 2023 г.

Падрыхтавана паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

 16, Korolya Street, Minsk, 220004

         Contacts

         "Adukatsiya" Textbook Store

         e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.