.

.
МЕНЮ

Да 150-годдзя з дня нараджэння Цёткі

«Шануйце роднае слова!»
Цётка

15 ліпеня 2026 года адзначаецца юбілей – 150 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, якая ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры пад пяшчотным  псеўданімам Цётка. Гэта імя, поўнае цеплыні і блізкага сваяцтва з кожным беларусам, як нельга лепш адлюстроўвае сутнасці яе асобы і творчасці. Цётка была не проста пісьменніцай, а сапраўднай дачкой свайго народа.

Нарадзілася Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч 15 (3) ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын, што на тэрыторыі сучаснага Шчучынскага раёна, у шматдзетнай сялянскай сям’і гаспадара Сцяпана Пашкевіча. Дзяцінства будучай паэтэсы прайшло ў цесным судотыку з народнай творчасцю, мовай і бытам спачатку ў бабулі ў фальварку Тарэсін, а потым у маёнтку Стары Двор, які стане яе апошнім зямным прытулкам. У дзяўчынкі рана праявіліся выдатныя здольнасці да навукі. Яна навучылася чытаць і пісаць па-польску з хатнімі настаўнікамі, а ў 1894 годзе здолела паступіць адразу ў чацвёрты клас прыватнай жаночай гімназіі Веры Прозаравай у Вільні. Навучанне там было вельмі дарагім – 100 рублёў на год, аднак стараннасць і здольнасці дзяўчыны былі заўважаны.  

Шлях Алаізы Пашкевіч у літаратуру і актыўную грамадскую дзейнасць быў цесна звязаны з яе нястомнай прагай да ведаў і самаўдасканалення. Яна вучылася на Вышэйшых агульнаадукацыйных курсах П. Ф. Лесгафта ў Пецярбургу, дзе таксама авалодала прафесіяй медсястры і масажысткі, што дазваляла ёй зарабляць на жыццё, а потым і наведваць акцёрскія заняткі. 

Мастацкі талент Цёткі быў шматгранным: яна выступала як актрыса ў тэатры Ігната Буйніцкага, займалася зборам матэрыялаў па беларускай батлейцы, наведвала заняткі ў Ягелонскім і Львоўскім універсітэтах. Але галоўным яе пакліканнем стала барацьба за беларускую справу. Яна ўдзельнічала ў студэнцкім гуртку «Круг беларускай народнай прасветы» ў Пецярбургу, была сябрам партыі «Беларуская рэвалюцыйная грамада», дэлегатам ад беларускіх жанчын на жаночым з’ездзе ў Маскве ў 1905 годзе.  Цётка стаяла ля вытокаў беларускага перыядычнага друку, фактычна рэдагавала часопіс для моладзі «Лучынка», мела дачыненне да выдання легендарных газет «Наша доля» і «Наша ніва».   

Літаратурная спадчына Цёткі, хоць і абмежаваная пятнаццаццю гадамі актыўнай творчасці, з’яўляецца сапраўдным духоўным скарбам. Яе паэтычныя зборнікі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду», выдадзеныя ў 1906 годзе, сталі важнай падзеяй. Цётка прыйшла ў беларускую паэзію з моцнай стыхіяй лірызму, пачуццёвасці, абапіраючыся на фальклорныя вобразы і мастацкія прыёмы. Яе верш «Лета» стаў асновай для вядомай песні «Кася» на музыку Ігара Лучанка. Але талент Цёткі не вычэрпваўся паэзіяй. Яна выступіла адной з пачынальніц жанру дарожнага эсэ ў беларускай літаратуры, пра што сведчаць яе «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» і «З дарогі», дзе яна асэнсоўвала месца Беларусі ў свеце.

Яшчэ адным выдатным дасягненнем сталі яе кнігі для дзяцей – «Першае чытанне для дзетак беларусаў» і, верагодна, удзел у стварэнні «Беларускага лемантара», што заклала асновы методыкі выкладання на роднай мове. 

З пачаткам Першай сусветнай вайны Цётка апынулася ў цэнтры падзей: працавала ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, арганізоўвала беларускія школы і настаўніцкія курсы ў Вільні, даглядала хворых як сястра міласэрнасці. Менавіта гэтае апошняе служэнне стала фатальным: у 1916 годзе яна прыехала на пахаванне бацькі ў Стары Двор і, дапамагаючы ратаваць блізкіх і землякоў ад тыфу, сама заразілася і памерла.     Цётка пайшла з жыцця там, дзе пачалося яе жыццё, пакінуўшы пасля сябе незгасальны след у літаратуры і гісторыі.  

І сёння праз 150 гадоў памяць пра Цётку жыве ў сэрцах не толькі даследчыкаў і чытачоў, але і простых людзей на яе малой радзіме. У вёсцы Стары Двор беражліва захоўваюць яе магілу, перадаюць з пакалення ў пакаленне гісторыі і ўспаміны пра дачку свайго краю. Творы Цёткі, яе публіцыстыка, яе жыццёвы подзвіг застаюцца жыватворнай крыніцай для новых пакаленняў беларусаў, якія шануюць роднае слова і імкнуцца да лепшай долі для сваёй Айчыны. Цётка была і застаецца сімвалам самаадданай любові да народа, сімвалам нязгаснай веры ў яго будучыню. 

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

Contacts

"Adukatsiya" Textbook Store

e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. 

  • БЕЗОПАСНОСТЬ И ЗДОРОВЬЕ