.

.
МЕНЮ

Да 125-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі

Уладзімір Жылка – беларускі паэт, перакладчык, крытык. Сёлета 27 мая адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння майстра слова беларускай літаратуры.

Уладзімір Адамавіч Жылка нарадзіўся ў вёсцы Макашы непадалёк ад станцыі Гарадзея, што каля Нясвіжа. Ён вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, агранамічным вучылішчы ў Расіі, скончыў Слонімскую вышэйшую пачатковую школу, займаўся ў Ковенскай сельскагаспадарчай вучэльні. У 1917 годзе паэт пераехаў у Мінск, дзе працаваў аграномам. Пазнаёміўся з пісьменнікамі нашаніўскага пакалення Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Ядвігіным Ш. і маладнякоўцамі (Міхасём Чаротам і інш.).  

У 1920 годзе захварэў на сухоты і з’ехаў да родзічаў у вёску, якая адышла да Польшчы пасля Рыжскага міру. У 1921 годзе ў жартоўным звароце да рэдактара газеты «Наша думка» паэт напісаў: «Калі ж што лішняе сказаў, Хай мне даруецца абмылка. Затым з пашанай застаюсь Ўладзімір, сын Адамаў, Жылка, Па волі лёсу беларус». Верш быў не для друку, але яго апублікавалі, бо ён адгукаўся ў сэрцах тых, хто таксама быў «па волі лёсу беларусам» у Заходняй Беларусі.

Уладзімір Жылка жыў у Вільні, дзе пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, у Дзвінску (Даўгаўпілсе), Коўне. Адправіўся вучыцца ў Пражскі ўніверсітэт. Потым у 1926 годзе Жылка пераехаў у БССР, працаваў у газеце «Звязда», выкладаў у музычным тэхнікуме.

Чалавек, які належаў да беларускай культуры і адначасова меў заходнееўрапейскую адукацыю, Уладзімір Жылка на беларускім матэрыяле развіваў разнастайныя традыцыі: антычную (выкарыстоўваючы пентаметры і гекзаметры), рэнесансную (санеты, вершы-пасланні), сярэдневяковую (жанр ле), рамантычную (рамантычная паэма, вершы-мроі, малітвы, прароцтвы) і мадэрнісцкую (верлібры і белыя вершы). Як паэт-рамантык ён асабліва цаніў фальклор не столькі фармальна, колькі сутнасна, з містыкай, міфамі, чарадзейнымі матывамі.  

Паэт абапіраўся на фальклор і ў разуменні смерці: невылечная хвароба наклала свой адбітак на яго творы. Пішучы пра смерць, ён называў яе «каханкай», «збавіцелькай», «сястрой», такім чынам аб’ядноўваючы ў творчасці агульнанароднае бачанне з уласна аўтарскім.

У. Жылка выйшаў на прасторы еўрапейскай літаратуры. Яго ўлюбёнымі паэтамі былі старыя рамантыкі Персі Шэлі, М. Лермантаў, А. Міцкевіч, Г. Ібсен, Ф. Цютчаў, неарамантыкі Ш. Бадлер, А. Блок.

У. Жылка адштурхоўваўся ад еўрапейскага рамантызму, выкарыстоўваў здабыткі авангардысцкай паэзіі, арыентаваўся на Янку Купалу і М. Багдановіча, станоўча ацэньваючы вопыт маладых паэтаў У Дубоўкі, Я. Пушчы. Усё жыццё Уладзімір Жылка лічыў Максіма Багдановіча сваім духоўным настаўнікам.

Пасля публікацыі паэмы «Уяўленне» (1923) У. Жылка адразу быў прызнаны значным паэтам, твор ухвалены калегамі і крытыкамі і ў Заходняй, і ў Савецкай Беларусі. Потым былі яшчэ дзве кнігі – «На ростані» (1924) і «З палёў Заходняй Беларусі» (1927).

Памёр паэт у 1933 годзе.

Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

 16, Korolya Street, Minsk, 220004

         Contacts

         "Adukatsiya" Textbook Store

         e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.