Аляксей Васільевіч Пысін (1920–1981) – паэт, заслужаны работнік культуры Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1950 года. Сёлета 22 сакавіка споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння выбітнага паэта.
Вучыўся А. В. Пысін у Мінскім камуністычным інстытуце журналістыкі, але доўга павучыцца не давялося. У верасні 1939 года, пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, яго з другога курса накіравалі на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях, двойчы быў цяжка паранены. Вайну скончыў у званні капітана, быў узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём «За адвагу». З 1946 года працаваў у раённым друку. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1958). У 1974–1981 – сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Ужо ў школьныя гады Аляксей Пысін робіць першыя крокі ў паэзіі. Ён, вучань сямігодкі, з’яўляўся актыўным селькорам раённай газеты «Чырвоная змена». Менавіта ў ёй у 1938 годзе апублікаваў свой першы верш «Ураджай». Але першая кніга «Наш дзень» пабачыла свет толькі ў 1951 годзе, у яе ўвайшлі вершы, напісаныя пасля вайны.
Увогуле паэзія А. Пысіна аўтабіяграфічная. Побач з матывамі барацьбы за мір на зямлі вялікае месца ў кнізе займаюць творы, у якіх услаўляюцца людзі-працаўнікі. Наступныя яго зборнікі – «Сіні ранак» (1959), «Сонечная паводка» (1962). Але сапраўднае нараджэнне Аляксея Васільевіча Пысіна як паэта пачалося са зборніка «Мае мэрыдыяны» (1965), затым ішла кніга «Твае далоні» (1967), што прынесла заслужанае прызнанне (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы ў 1968 годзе). Былі выдадзены і іншыя кнігі: «Пойма» (выбранае, 1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Вершы» (1976), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) і інш. У гэтых творах разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваеннага счасу складае аснову перажывання паэта, ён па-свойму адлюстроўвае вайну.
Аляксей Васільевіч нямала напісаў і спецыяльна для маленькіх. Аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), паэмы «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў!» (1979), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984). Аляксей, Дзяніс, Алёнка – гэта імёны ўнукаў паэта. Іх ён вельмі любіў, з іх жыцця браў сюжэты для вершаў.
Уся паэзія Аляксея Пысіна – вобразная, глыбока эмацыянальная і задушэўная, прымушае чытача думаць, перажываць, разважаць над перажытым, заклікае тварыць і жыць.
Падрыхтавана паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц