.

.
МЕНЮ

8 Сакавіка – свята вясны і прыгажосці!

З надыходам вясны прырода абуджаецца, напаўняючы свет святлом, цяплом і новымі надзеямі. Менавіта ў гэты час адзначаецца адно з самых добрых і душэўных свят – Дзень жанчын.

У Беларусі гэта свята мае асаблівае значэнне, бо яно нагадвае пра ролю жанчыны ў грамадстве, сям’і і выхаванні падрастаючага пакалення. Беларускі ва ўсе часы славіліся працавітасцю, мудрасцю, дабрынёй і клопатам пра блізкіх. Нездарма ў нашай краіне вялікая ўвага надаецца павазе і падтрымцы жанчыны, а абвешчаны Год беларускай жанчыны яшчэ раз падкрэслівае важнасць яе ўкладу ў развіццё дзяржавы і грамадства.

8 Сакавіка беларусы віншуюць сваіх дарагіх жанчын. Ужо з дашкольнага ўзросту дзеці вучацца віншаваць сваіх матуль і бабуль, выказваць ім падзяку і любоў, дарыць паштоўкі, вершы і творчыя падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі.

Разам з тым гэтае свята мае міжнародны статус, а яго ўзнікненне звязана з важнымі падзеямі грамадскага і палітычнага жыцця. 8 сакавіка 1857 года на ткацкай фабрыцы ў Нью-Ёрку адбыўся мітынг працуючых жанчын. У гэты дзень жанчыны заявілі пра неабходнасць абароны сваіх правоў, выступаючы за роўныя з мужчынамі ўмовы працы і справядлівую аплату. Гэта падзея лічыцца адной з першых перадумоў узнікнення свята.

8 сакавіка 1908 года каля 15 тысяч жанчын зноў правялі дэманстрацыю ў Нью-Ёрку. Яны патрабавалі скарачэння працягласці рабочага дня, паляпшэння ўмоў працы, права ўдзельнічаць у выбарах і спынення выкарыстання дзіцячай працы. Падчас дэманстрацыі жанчыны выкарыстоўвалі лозунг «Хлеб і ружы», дзе хлеб сімвалізаваў эканамічную бяспеку, а ружы – лепшую якасць жыцця.

Ідэю ўстанавіць адзіны Дзень жаночай салідарнасці па ўсім свеце прапанавала нямецкая грамадская дзеячка Клара Цэткін у 1910 годзе на II Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канферэнцыі, якая праходзіла ў Капенгагене. Аднак афіцыйная дата святкавання была ўстаноўлена крыху пазней.

У Расіі Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначылі ў 1913 годзе, а афіцыйным святам 8 Сакавіка стала толькі ў 1921 годзе.

Сёння Дзень жанчын успрымаецца перш за ўсё як свята вясны, прыгажосці і павагі да цудоўнай паловы чалавецтва. У гэты дзень прынята віншаваць матуль, бабуль, сясцёр, калег і сябровак, дарыць кветкі, цёплыя словы і добрыя пажаданні. Няхай гэта вясновае свята прыносіць радасць, любоў, цяпло і натхненне ўсім жанчынам, напаўняючы кожны дом шчасцем і гармоніяй!

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

 16, Korolya Street, Minsk, 220004

         Contacts

         "Adukatsiya" Textbook Store

         e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.