.

.
МЕНЮ

100-годдзе беларускага кіно

17 снежня 2024 года спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Бо менавіта ў гэты дзень 17 снежня 1924 года выйшла пастанова Савета Народных камісараў «Аб кінавытворчасці ў БССР». У той жа дзень пры Наркамасветы было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі – «Белдзяржкіно» і зняты першыя хранікальныя кадры пра падзеі тых гадоў.

У 1928 годзе ў Ленінградзе была заснавана кінастудыя «Савецкая Беларусь», якая ў 1939 годзе пераехала ў Мінск. Падчас Вялікай Айчыннай вайны «Савецкая Беларусь» выпускала кіначасопіс, які асвятляў франтавую хроніку.

Назву «Беларусьфільм» кінастудыя здабыла ў 1946 годзе, а ў 1996 годзе была перайменавана ў Нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм».

Заснавальнікамі беларускай кінематаграфіі з’яўляюцца Юрый Віктаравіч Тарыч і Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін, а першым беларускім мастацкім фільмам стала гісторыка-рэвалюцыйная карціна «Лясная быль», якую паставіў у 1926 годзе Юрый Тарыч па аповесці Міхася Чарота «Свінапас».

На «Беларусьфільме» знята больш за 500 мастацкіх фільмаў, некалькі тысяч дакументальных фільмаў і каля 100 мультфільмаў.

Сёння Беларусь па праве ганарыцца многімі таленавітымі рэжысёрамі, акцёрамі, мастакамі і аператарамі, якія стварылі сваімі працамі залаты фонд нацыянальнага кіно Рэспублікі. Сярод найбольш вядомых мастацкіх фільмаў беларускага кінематографа розных гадоў «Чырвонае лісце» У. Корш-Сабліна, «Альпійская балада» Б. Сцяпанава, «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М. Фігуроўскага, «Я родам з дзяцінства» і «Людзі на балоце» В. Турава, «З пекла ў пекла» Д. Астрахана, «Дунечка» А. Яфрэмава, «Брэсцкая крэпасць» А. Кота, «Дзікае паляванне караля Стаха» В. Рубінчыка, «Белыя росы» І. Дабралюбава, «Знак бяды» і «У жніўні 44-га…» М. Пташука і інш.

Асаблівае месца сярод карцін займаюць фільмы для юных гледачоў: мюзіклы-казкі жанру фэнтэзі рэжысёра Л. Нячаева «Прыгоды Бураціна» і «Пра Чырвоны капялюшык», «Казка пра зорнага хлопчыка», «Пітэр Пэн», «Не пакідай!»; прыгодніцкія фільмы «Корцік» і «Бронзавая птушка» М. Калініна; «Па сакрэце ўсяму свету» І. Дабралюбава.

У Мінску знаходзіцца музей гісторыі беларускага кіно. Ён быў створаны і адкрыты ў 1966 годзе да 40-годдзя выхаду фільма «Лясная быль», а сёння з’яўляецца філіялам дзяржаўнай установы «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь». Тут сабраныя дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускага кіно, праходзяць тэматычныя экскурсіі, выставы і паказы айчыннай і замежнай кінакласікі.

Свой стогадовы юбілей флагман айчыннай кінаіндустрыі адзначыў грандыёзна. Так, яркай падзеяй года стаў Рэспубліканскі кінафестываль «Кінавек». Ён стартаваў 28 лютага і доўжыўся да 11 снежня ў Мінску і рэгіёнах краіны.

Акрамя таго, у год стагоддзя беларускага кіно рэалізавана нацыянальная прэм’ера новых айчынных фільмаў. У 2024 годзе выйшаў фільм пра беларускіх партызанаў «Час вярнуцца». Дадзеную кінакарціну шмат хто называе данінай подзвігу прадзедаў і дзядоў-герояў. Кінастужка заснавана на рэальных падзеях і апавядае пра ўнікальную аперацыю партызан, якія знайшлі шлях у тыле ворага праз непраходнае балота.

Гістарычны фільм «Чорны замак» стаў вынікам сумеснай працы беларускіх і расійскіх кінавытворцаў. Таксама кінатэатры краіны сустракалі свайго гледача на поўнаметражны 3D-анімацыйны фільм «Песня Сірын» і кінатрылогію «Час кіно». Не менш цікавымі і пазнавальнымі сталі тэматычныя дні дзіцячага кіно, якія былі арганізаваны падчас школьных канікул.

Асобную ўвагу заслугоўваюць такія кінашэдэўры беларускай кінаіндустрыі, як «Дзяўчынка шукае тату», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «У жніўні 1944-га», «Лёс дыверсанта», «Кіношнікі», «На іншым беразе», «Ліст чакання».

Тэму 100-годдзя беларускага кіно ўключылі ў праграму XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», фестывалю «Анімаёўка», а таксама ў конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча.

Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў;
фота для прэўю: СБ. Беларусь сёння

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

 16, Korolya Street, Minsk, 220004

         Contacts

         "Adukatsiya" Textbook Store

         e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.