Такога конкурсу яшчэ не было! «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» – першы ў нашай гісторыі літаратурны конкурс, які праводзіцца пад патранатам арганізатараў.

31 ліпеня 2019 года – апошні дзень прыёму заявак ад удзельнікаў ІІ тура конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя. Нагадваем, што конкурс праводзіцца кафедрай тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ і рэдакцыяй часопіса «Маладосць» пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі.

З умовамі ва ўсіх падрабязнасцях знаёміць Палажэнне аб Конкурсе, размешчанае на сайтах арганізатараў. Выкладаем тут найбольш важныя пазіцыі: жанр – дакументальна-мастацкі, аб'ём – ад 40 да 80 тысяч знакаў (з прабеламі), форма – свабодная (эсэ, жыціе, літаратурная біяграфія, белетрызаваны біяграфічны нарыс, эпісталярная публіцыстыка, літаратурны партрэт, псеўдааўтабіяграфія, стылізаваныя мемуары, гістарычная аповесць і інш.), з арыентацыяй на займальнасць і чытацкія густы патэнцыяльнай адраснай аўдыторыі (вучні старшых класаў, студэнты і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднай літаратуры).

Узрост удзельнікаў неабмежаваны, заяўкі з аднолькавай сімпатыяй прымаюцца і ад школьнікаў, і ад пенсіянераў, і ад студэнтаў, і ад выкладчыкаў, ад літаратараў-прафесіяналаў і пачаткоўцаў-аматараў, захопленых жыццём той ці іншай асобы са спісу (спіс з 13 персон прыкладаецца да Палажэння).

Конкурс праводзіцца ў тры этапы:

  • І – прыём заявак ад удзельнікаў (22 красавіка – 31 ліпеня 2019 года, форма заяўкі — Дадатак 2 да Палажэння);
  • ІІ – прыём тэкстаў (1 мая – 31 кастрычніка 2019 года);
  • ІІІ – праца журы па вызначэнні пераможцаў (1 лістапада – 27 снежня 2019 года).

Важна! У конкурсе могуць удзельнічаць і лаўрэаты І тура (выбраўшы ў якасці героя новую асобу са спісу), і тыя, хто ў І туры не набраў патрэбнай колькасці балаў ад членаў журы або, падаўшы заяўку, не даслаў твор на разгляд, не паспеўшы яго завяршыць па нейкіх прычынах, – апошнія могуць дапрацоўваць і ўдасканальваць працу І тура. У абодвух выпадках новая падача заяўкі абавязковая.

Як і ў І туры, удзельнікам конкурсу высылаюцца «ключы» – спіс крыніц у дапамогу. Акрамя таго, у часопісе «Маладосць» штомесяц друкуюцца артыкулы ў падтрымку конкурсу, якія дапамагаюць удзельнікам арыентавацца ў кірунках і фактах і засцерагаюць іх ад памылак. Кожны ўдзельнік конкурсу мае права ў любы час звярнуцца да арганізатараў па любую дапамогу, якая толькі можа спатрэбіцца пры пошуку інфармацыі і яе інтэрпрэтацыі, або з мэтай кансультацыі ці папярэдняга прачытання твора.

Заяўкі і творы прымаюцца на адрас: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.. Пераможцамі конкурсу будуць лічыцца аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных журы. Не выключана, што калегіяльна члены журы, як і ў І туры, прымуць рашэнне ўзнагародзіць большую колькасць удзельнікаў. Узнагароджванне адбудзецца падчас урачыстай цырымоніі. Пераможцы атрымаюць дыпломы, падарункі і грашовыя прэміі. Лепшыя творы будуць надрукаваны на старонках часопіса «Маладосць».

 

Рэдакцыя часопіса «Маладосць»