Print
Category: Праздники и знаменательные даты

У 2022 годзе Магілёў адзначае 755-годдзе. Юбілейная дата аб'яднала жыхароў і гасцей абласнога цэнтра, прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў і гарадоў-партнёраў, а сам Магілёў ператварыўся ў адну вялікую святочную пляцоўку.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею горада на Дняпры, пачаліся на прадпрыемствах і ў арганізацыях, установах адукацыі: суботнікі, акцыі па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку ў месцах масавага адпачынку і на дзіцячых гульнявых пляцоўках, стварэнне ландшафтных кампазіцый, рамонтныя работы рознага характару. У межах святкавання юбілею заснавання горада праходзілі «Тыдзень моладзі і студэнцтва», стрыт-арт праект «Дома», падчас якіх маладыя людзі ўдзельнічалі ў навуковых, аздараўленчых, творчых, патрыятычных і дабрачынных праектах. Свае мастацкія задумкі юнакі і дзяўчаты ўвасобілі на фасадах жылых будынкаў, дваровых тэрыторыях, гаражах, кветніках і асфальце.

На пляцоўцы каля гарадской Ратушы адкрылася перасоўная выстава Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў рамках патрыятычнага праекта «Дарогай памяці», а ў самім Музеі гісторыі Магілёва прайшоў круглы стол «Да 755-годдзя гісторыі Магілёва». Акрамя таго, на адкрытых пляцоўках арганізаваны канцэртна-гульнявыя праграмы.

1 чэрвеня адбыўся святочны канцэрт «Мой Магілёў – маё натхненне!». На мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» прайшла патрыятычная акцыя «Моладзь памятае!» ў межах расійска-беларускага праекта «Цягнік Памяці».

Субота, 2 ліпеня, стала асноўным днём святкавання. Пасля шэсця-параду прайшлі невялікі гістарычны экскурс, традыцыйная прэзентацыя дзейнасці, прадукцыі прадпрыемстваў і арганізацый Магілёва.

На вуліцах Магілёва ў гэты дзень «ажывае гісторыя»: тут адбылася невялікая імітацыя бою часоў абароны Магілёва, шпацыравалі вядомыя персоны, знакамітыя людзі, якія калісьці жылі ў горадзе на Дняпры, каля дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў разгарнуўся пленэр «Я малюю горад».

3 ліпеня каля мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» адбыўся мітынг. Акрамя гэтага, у парку ў Падніколлі было запланавана агульнагарадское сямейнае свята: тут прайшла акцыя «Музей пад адкрытым небам», гульні, квэсты, майстар-класы, прэзентацыі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі.

А вечарам у горадзе прайшоў вялікі святочны канцэрт, падчас якога жыхары і госці Магілёва далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Праспяваем гімн разам».

НІА

Падрабязней: http://www.vestnikmogileva.by