Print
Category: Праздники и знаменательные даты

2 красавіка – дзень нараджэння найвыдатнейшага дацкага пісьменніка-казачніка Ханса Крысціяна Андэрсэна. З 1967 года ў гэтую дату адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

Ініцыятыва свята належала вядомай нямецкай дзіцячай пісьменніцы Йелле Лепман, якая заклікала: «Дайце нашым дзецям кнігі, і вы дасцё ім крылы». Заснавальнікам урачыстасці стаў Міжнародны савет па дзіцячай кнізе (IBBY). У склад гэтай некамерцыйнай арганізацыі ўваходзяць каля 80 нацыянальных секцый з розных краін свету. Штогод адна з іх становіцца гаспадыняй свята. Знакаміты мясцовы аўтар піша зварот да дзяцей планеты, а вядомы мастак стварае плакат Міжнароднага дня дзіцячай кнігі. У далейшым гэтыя матэрыялы шырока выкарыстоўваюцца дзеля папулярызацыі кніг і развіцця цікавасці да чытання па ўсім свеце.

Раз у два гады ў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі прысуджаецца прэмія імя Ханса Крысціяна Андэрсэна, якой ушаноўваюцца лепшыя дзіцячыя пісьменнікі і мастакі-ілюстратары. Сярод лаўрэатаў гэтай самай прэстыжнай у галіне дзіцячай літаратуры ўзнагароды, напрыклад, такія любімыя і беларускімі чытачамі пісьменнікі, як Астрыд Ліндгрэн, Тувэ Янсан, Джані Радары і інш.

Вытокі дзіцячай кнігі ў тых часах, калі з’явіўся друкарскі станок і пачалі распаўсюджвацца выданні для навучання. На нашых землях першымі такімі кнігамі былі «Псалтыр» Францыска Скарыны (1517 г., «Детям малым початок всякое доброе науки…»), «Катэхізіс» Сымона Буднага (1562 г., кніга для дарослых і падручнік для дзетак), «Наука ку читаню и розуменю писма словенского» Лаўрэнція Зізанія (1596 г.). Распачатая 500 год назад справа плённа прадаўжаецца і ў нашы часы. Па дадзеных Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, у 2015 годзе агульны тыраж выданняў для дзяцей і моладзі склаў 2,15 млн экзэмпляраў.

Штогод у Беларусі з мэтай вызначэння лепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі з’явай у нацыянальным кнігавыданні, ладзіцца Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», адна з намінацый якога – «Разам з кнігай мы расцём». У 2015 годзе лепшым выданнем для дзяцей і моладзі была прызнана серыя кніг для дзяцей ад 1 года да 3 лет «Жила-была сказка» («Колобок», «Теремок», «Репка», «Курочка Ряба», «Козлятки и волк») (ТДА «Аверсэв»). Пераможца 2016 года – серыя кніг «Журавінк@» выдавецтва «Мастацкая літаратура»: Васіль Зуёнак «Запішыце мяне ў мядзведзі», Віктар Гардзей «Сарочына цырульня», Васіль Жуковіч «Хто хацеў бы пакатацца?».

Традыцыйна ў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі і напярэдадні яго ладзяцца шматлікія выставы, конкурсы, канферэнцыі, ранішнікі, сустрэчы з пісьменнікамі і прэзентацыі новых выданняў. А яшчэ гэты дзень – цудоўная нагода сабрацца ўсёй сям’ёй і пачытаць уголас любімыя старонкі дзіцячых кніг.

НІА