Print
Category: Праздники и знаменательные даты

З 13 па 21 лютага 2020 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Святочныя мерапрыемствы арганізаваны ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, Доме прэсы.

17 лютага ў Інстытуце мовазнаўства адбудзецца круглы стол «Праблемы ўпарадкавання камп’ютарнай тэрміналогіі», удзельнікі якога адкажуць на пытанне: «Ці дастаткова робіцца намаганняў для таго, каб беларуская мова паўнавартасна выкарыстоўвалася ў сферы інфармацыйных тэхналогій?».

18 лютага пройдзе творчая сустрэча з пісьменнікамі «Жыватворная крыніца натхнення». Гутарка пойдзе аб дыялектных, гістарычных і іншых вобразатворчых рэсурсах беларускай мовы, якія могуць выкарыстоўвацца айчыннымі пісьменнікамі і паэтамі ў якасці сродкаў стварэння вобразнага свету мастацкага твора.

19 лютага ў рамках круглага стала «Роля мастацкага перакладу ў міжкультурным дыялогу» адбудзецца прэзентацыя кнігі на беларускай мове «Update» (аўтары: Сафія Ворса (Беларусь), Лара Продан (ЗША), Зоя Падліпская (Беларусь) і Вікторыя Левіна (Ізраіль)). Зборнік прозы «Update» – міжнародны кніжны праект, які супольна рэалізуюць названыя літаратары. Пісьменніцы замежжа Вікторыя Левіна і Лара Продан атрымалі магчымасць упершыню быць пачутымі беларускамоўным чытачом, а нашы сучасныя аўтары з Мінска Зоя Падліпская і Сафія Ворса – далучыцца да гэтага сумоўя.

20 лютага будзе прэзентаваны тэматычны слоўнік «Плытніцтва», створаны супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, таксама пройдзе сустрэча з членамі аўтарскага калектыву «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (у 37 выпусках), вылучанага да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

21 лютага ў Доме прэсы адбудзецца прэс-канферэнцыя з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.

 

НІА
па матэрыялах сайта
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі