Print
Category: Праздники и знаменательные даты

Штогод у чацвёрты панядзелак кастрычніка многія краіны свету адзначаюць Міжнародны дзень школьных бібліятэк (International School Library Day). Сёлета гэта 28 кастрычніка.

Святкаванне Міжнароднага дня школьных бібліятэк было ўстаноўлена ў 1999 годзе па ініцыятыве ЮНЕСКА і Міжнароднай асацыяцыі школьных бібліятэк (IASL). З 2008 года адзначаецца месячнік школьных бібліятэк.

Гэта дае магчымасць іх кіраўнікам па ўсім свеце выбраць найбольш зручны дзень ці тыдзень, каб нагадаць пра важнасць існавання сховішчаў ведаў для вучняў і настаўнікаў, а ўсім тым, хто карыстаецца іх паслугамі, павіншаваць школьнага бібліятэкара.

Штогод тэма месячніка розная. У 2019 годзе яна мае назву «Давайце ўявім». Фактычна тэма месячніка – гэта працяг штогадовай ужо 48-й міжнароднай канферэнцыі, якую праводзіць IASL, – «Збліжэнне – пашырэнне магчымасцяў – пераўтварэнне: школьныя бібліятэкі». Гэтае мерапрыемства было арганізавана Харвацкай асацыяцыяй школьных бібліятэкараў у Дуброўніку (Харватыя) 21–25 кастрычніка. На канферэнцыі былі абмеркаваны пытанні бягучай школьнай бібліятэчнай практыкі, а таксама місія, бачанне і роля школьнай бібліятэкі ў лічбавым грамадстве; прадстаўлены дзеючыя праграмы школьных бібліятэк Харватыі і рэгіёна, ідэі па пераўтварэнні школьных бібліятэчных праграм. Таксама канферэнцыя і 23 Міжнародны форум па даследаваннях у галіне школьнай бібліятэчнай справы сталі пляцоўкай наладжвання кантактаў для супрацоўніцтва.

Мы віншуем усіх школьных бібліятэкараў з іх святам. Няхай ваша высакародная цяжкая праца ніколі не застаецца па-за ўвагай, няхай куток ведаў – школьная бібліятэка – будзе перапоўнены чытачамі, няхай папаўняюцца кніжныя фонды новымі цікавымі творамі! Больш нагод для радасных усмешак і шчаслівага смеху!

 

НІА