Print
Category: Праздники и знаменательные даты

Штогод кожную другую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў культуры. Гэта прафесійнае свята для паўсотні тысяч чалавек, якія працуюць у сферы забаў, займаюцца бібліятэчнай, архіўнай, музейнай і іншай дзейнасцю, – акцёры і паэты, мастакі і музыканты, захавальнікі музейных экспазіцый, кіраўнікі творчых калектываў і шмат іншых, хто робіць наша жыццё больш прыгожым, вытанчаным і насычаным адчуваннем цудоўнага.

Скарбонка беларускай культурнай спадчыны надзвычай багатая і разнастайная. Але і сёння яна папаўняецца сапраўднымі дыяментамі. У сувязі з Днём работнікаў культуры прыгадаем некалькі фактаў культурнага жыцця сучаснай Беларусі.

Штогод у Беларусі праводзіцца каля 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў. Самымі буйнымі з’яўляюцца Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень», свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

Наша краіна ганарыцца сваім кінамастацтвам. У Беларусі праходзяць буйныя кінафестывалі: Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» і конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва «Лістападзік», Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў у Брэсце, Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» ў Магілёве, Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» у Глыбокім.

Для стымулявання творчай актыўнасці і развіцця культуры рэалізуюцца буйныя праекты – рэспубліканскія конкурсы «Нацыянальная музычная прэмія» і «Нацыянальная тэатральная прэмія». Штогод адзін з гарадоў Беларусі становіцца культурнай сталіцай, што спрыяе прэзентацыі самабытнасці нашай краіны і актывізацыі творчага жыцця ў нашых гарадах.

Зараз у рэспубліцы налічваецца 29 прафесійных тэатраў. Беларусь займае другое сярод краін СНД пасля Расійскай Федэрацыі месца па наведванні тэатраў на 1 000 чалавек насельніцтва. Папулярнасці нашых тэатраў унутры краіны і за яе межамі спрыяюць фестывалі і конкурсы сцэнічнага мастацтва. Сярод іх варта згадаць «Панараму» ў Мінску, «М.@рт.контакт» у Магілёве, «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі, «Белую вежу» ў Брэсце. Самымі папулярнымі сярод наведвальнікаў з’яўляюцца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, драматычныя тэатры абласных цэнтраў і інш.

За апошнія пяць гадоў істотна вырасла колькасць наведванняў беларускіх музеяў (з 5,7 млн наведванняў у год да 6,9 млн). Па гэтаму паказчыку (на 1 000 насельніцтва) Беларусь займае трэцяе месца сярод краін СНД, саступаючы Расіі і Арменіі. Самымі папулярнымі музеямі з’яўляюцца Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Замкавы комплекс «Мір», Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь».

Спакон веку песня і танец, музыка і слова, творы майстроў народнай творчасці былі выразнікамі нацыянальнай ідэі і скарбонкай гістарычнай памяці, сілкавалі і ўмацоўвалі надзею людзей на лепшую будучыню.

Шчыра і сардэчна віншуем усіх работнікаў культуры з прафесійным святам!
Ваша плённая праца узвялічвае родную Беларусь, памнажае яе поспехі і дасягненні.

Жадаем вам цяпла ў душы, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, вялікіх творчых поспехаў і невычэрпнага натхнення. Няхай усе жыццёвыя планы, надзеі і мары спраўдзяцца, і кожны дзень будзе яркім і сонечным, дасць радасць творчага натхнення і жыццёвых перамог.

 

НІА