Print
Category: Праздники и знаменательные даты

Штогод 21 верасня ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень міру. Гэта яшчэ адна нагода згадаць пра ідэалы міру сярод усіх краін і народаў.

Праблема захавання згоды паміж людзьмі – адна з глабальных праблем чалавецтва. І якой бы далёкай яна ні здавалася нам, жыццё падказвае адваротнае.

Выбудоўванне архітэктуры шматпалярнага свету, абвастрэнне барацьбы за рэсурсы, умацаванне ў свеце нацыянальнага, рэлігійнага і этнічнага экстрэмізму, на жаль, актуалізуюць пытанне міру і для нашай роднай Беларусі. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прапануе ўсім краінам у Міжнародны дзень міру спыняць ваенныя дзеянні і адзначаць яго правядзеннем адукацыйных і грамадскіх інфармацыйных акцый па зададзенай праблеме.

Кожны год ААН вызначае і тэму свята. Сёлета гэта «Барацьба са зменамі клімату дзеля міру», што падкрэслівае важнасць экалагічных праблем у справе вырашэння захавання спакою на планеце.

Змены клімату, якія цягнуць за сабой стыхійныя бедствы, прымушаюць перамяшчацца на іншае месца жыхарства ўтрая больш людзей, чым з-за канфліктаў. Змяншэнне колькасці прэснай вады пагражае падарваць харчовую бяспеку свету і падрывае здароўе чалавецтва. Гэта, ў сваю чаргу, вядзе да росту напружанасці і абвастрэння рэсурснай барацьбы ва ўсім свеце.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый лічыць, што спыніць ваенныя дзеянні можна і праз канкрэтныя захады ў барацьбе за захаванне клімату. Каб да 2050 г. дасягнуць вугляроднай нейтральнасці, урадам неабходна дзейнічаць па чатырох напрамках: абкладаць падаткамі крыніцы забруджвання, а не даходы людзей, спыніць субсідыі выкапнёвым відам паліва, спыніць да 2020 г. будаўніцтва новых вугальных электрастанцый, імкнуцца да «зялёнай», а не «шэрай» эканомікі.

Ужо 23 верасня ААН правядзе Саміт па клімаце, на якім будуць абмеркаваны канкрэтныя захады паскарэння дзеянняў па выкананні Парыжскага пагаднення.

А напярэдадні 21 верасня Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заклікае ўсіх людзей унесці пасільны ўнёсак у захаванне клімату на Зямлі: выключыць святло там, дзе яно не зусім патрэбна, скарыстацца грамадскім транспартам замест уласнага аўтамабіля, расказаць знаёмым пра праблемы міру і захаванне клімату. Сваімі ідэямі ў гэтым напрамку можна падзяліцца ў сацыяльных сетках пад хэштэгамі #PeaceDay і #ClimateAction.

Асобая роля ў працэсе захавання міру і клімату планеты адводзіцца моладзі. Амаль паўмільёна маладых людзей з усяго свету ўдзельнічаюць у рэалізацыі мер па барацьбе са зменамі клімату. 20 верасня ў Цэнтральных установах ААН будзе праведзены студэнцкі Міжнародны дзень міру, падчас якога ўдзельнікі прадэманструюць свае праекты, скіраваныя на барацьбу са зменамі клімату. Студэнцкае свята адбудзецца адразу пасля цырымоніі ўдару ў Звон міру, якая адкрыецца ў 9:00 Генеральным сакратаром ААН і будзе трансліравацца тут.

 

НІА
па матэрыялах сайта https://un.by