Print
Category: Культура

У Мінску праходзіць сумесная выстава Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі, «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў».

Творчае і асабістае сяброўства народных паэтаў, адлюстраванае ў экспазіцыі выставы, выяўляе традыцыю захавання іх спадчыны ў Год гістарычнай памяці. Выставу прадстаўляюць экспанаты з калекцый абодвух музеяў: аўтарскія рукапісы, прыжыццёвыя выданні, фатаграфіі, прысвечаныя паэтам, мастацкія шаржы і інш.

У жыцці Янкі Купалы і Якуба Коласа было шмат агульнага: абодва жылі ў Вільні і ў Мінску, працавалі ў «Нашай Ніве», Інстытуце беларускай культуры, Акадэміі навук Беларусі, былі сведкамі Першай і Другой сусветных войнаў. Хоць песняры жылі і працавалі ў складаныя часы, але ж выпрабаванні не пазбавілі іх здольнасці смяяцца з сябе і іншых. Абодва класікі ўмелі па-мастацку іранізаваць, выяўляючы адмысловае пачуццё гумару.

У пацвярджэнне гэтаму наведвальнікі выставы могуць даведацца пра смяшынкі з жыцця класікаў: да некаторых экспанатаў дадаюцца карткі з вясёлымі гісторыямі, што звязаны з гэтымі прадметамі. Захоўваюцца яны ў адмысловай картатэцы, падобнай да той, што знаходзілася ў пачатку мінулага стагоддзя ў рэдакцыі «Нашай Нівы».

Наведаць выставу ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы можна да 30 ліпеня.

НІА
па матэрыялах сайта: https://zviazda.by