28–29 ліпеня 2022 года ў Чэрыкаве пройдзе Рэгіянальны пленэр майстроў саломапляцення. Яго ўдзельнікамі стануць майстры саломапляцення, спецыялісты дамоў і цэнтраў рамёстваў, а таксама іншых клубных устаноў. Пленэр будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню іх прафесійнага майстэрства і абмену творчым вопытам, захаванню, развіццю і папулярызацыі саломапляцення як аднаго з відаў беларускага народнага мастацкага рамяства.

Удзельнікам патрэбна будзе вырабіць з саломкі кампазіцыі, якія адлюстроўваюць тэму пленэру: «Паданні даўніны – беларускі абярэг». Прадстаўленыя работы будуць ацэньвацца па чатырох намінацыях: «Сямейны абярэг – саламяны павук», «Шчасце на крылах», «Казачны абярэг», «Саламяная лялька». Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 20 ліпеня.

У праграму пленэру таксама ўвойдуць выстава работ удзельнікаў «Дзівосы беларускай саломкі», круглы стол «Захаванне народных традыцый саломапляцення: гісторыя, сучаснасць, будучыня», майстар-клас па вырабе ачэлля – павязкі-абярэга на галаву.

Акрамя таго, кожны ўдзельнік прывязе з сабой аб'ёмны выраб з саломы невялікага фармату, які сімвалізуе яго майстэрства або асаблівасці саломапляцення яго рэгіёна. Падчас адкрыцця гэтыя сімвалы будуць размяшчацца ў выглядзе калажу на агульнай фігуры-кампазіцыі.

Па выніках пленэру будзе створана выстава «Вянок творчага яднання» – адзіная кампазіцыя з конкурснымі работамі ў форме вянка.

НІА
па матэрыялах сайта http://surl.li/clrxg