Print
Category: Культура

У Лідзе 8 ліпеня адбыўся сямейны фестываль «Рамонкавае шчасце». Ён прымеркаваны да Дня сям’і, кахання і вернасці, які адзначаецца штогод 8 ліпеня, у дзень памяці святых Пятра і Феўроніі Мурамскіх. Гэтыя праваслаўныя святыя з’яўляюцца прыкладам для ўсіх закаханых, паколькі былі разам і ў бядзе, і ў радасці да старасці, і нават памерлі ў адзін дзень.

Сімвал Дня сям’і, кахання і вернасці – белы рамонак, што азначае самаадданае каханне і вернасць. У Лідзе ў Дзень сям’і, кахання і вернасці на тэрыторыі ля Лідскага замка арганізавалі сямейны фестываль «Рамонкавае шчасце».

Пачаўся фестываль з конкурсу малюнкаў на асфальце. Юныя лідчане малявалі свае сем’і, апекуноў свята – святых Пятра і Феўронію Мурамскіх і, канечне, рамонкі.

Спектакль «Казіная хатка» паказаў народны лялечны тэатр «Батлейка» аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнага мастацтва». Юныя гледачы засталіся ў захапленні ад пастаноўкі.

У Доме Валянціна Таўлая прайшлі пасядзелкі «Будзем пра каханне гаварыць вершамі». Удзельнікі дэкламавалі аўтарскія вершы пра каханне, сям’ю, выконвалі песні, абменьваліся вынікамі сваёй творчасці.

Удзельнікі спартыўных мерапрыемстваў змаглі адчуць сябе сапраўднымі футбалістамі, штангістамі і хакеістамі. Лепшыя з лепшых былі адзначаны невялікімі медалямі і міні-падарункамі.

Упершыню ў Лідзе праводзіўся парад дзіцячых калясак «Пад ветразем кахання».

І завяршыў Дзень сям’і, кахання і вернасці канцэрт духоўнай музыкі з удзелам царкоўных харавых калектываў Лідскай і Гродзенскай епархіі.

Падрабязней: http://lidanews.by/news/dosug/26258news.html

НIА