Print
Category: Культура

У выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў серыі «Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара» выйшла кніга вучоных-мовазнаўцаў Кацярыны Півавар і Генадзя Арцямёнка «Традыцыйная культура і побыт беларусаў».

Выданне адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту і будзе карысным для самастойнага і сямейнага чытання, падрыхтоўкі дамашняй работы, паведамленняў па розных тэмах, на ўроках і пазакласных занятках.

Слоўнік-даведнік цудоўна ілюстраваны і змяшчае матэрыялы пра традыцыйны побыт, святочныя традыцыі беларусаў, асаблівасці беларускай мовы, свет беларускай прыроды.

Ці ведаеце вы, што ў беларускай мове ёсць словы, якія ўтрымліваюць важную інфармацыю аб жыцці народа і часта не маюць адпаведніка ў іншых мовах свету? У мовазнаўстве гэтыя словы называюцца лінгвакультурэмы, або лінгвакраіназнаўчая лексіка. У новай кнізе выдавецтва якраз і сабраны такія словы і паняцці.

Асаблівасці традыцыйнага жыцця беларусаў, іх гаспадарчай і культурнай дзейнасці як у люстэрку адбіліся ў беларускай мове, прымаўках і прыказках, вуснай народнай творчасці, творах пісьменнікаў. Выданне праз беларускія словы і іх азначэнні распавядае пра тое, як жылі нашы продкі некалькі стагоддзяў таму, як яны ставіліся да прыроды і сусвету, як вялі гаспадарку, якімі былі іх уяўленні пра навакольны свет. Чытачы таксама даведаюцца пра традыцыйныя святы беларусаў, пра тое, як яны святкаваліся ў далёкія язычніцкія часы і як змяніліся з прыняццем хрысціянства, і пра тое, як гэтыя старадаўнія традыцыі знайшлі адлюстраванне ў цяперашнім жыцці, якое сучаснае гучанне яны набылі.

Праз мову лягчэй зразумець традыцыі, характар і памкненні беларусаў, адказаць на пытанне, што было важным для нашых продкаў і значным у паўсядзённым жыцці, і такім чынам паглыбіць свае веды пра родную краіну і яе народ.

 

НІА
па матэрыялах сайта http://www.bel-en.by