Штогод, пачынаючы з 1948 г., 24 кастрычніка ў свеце адзначаецца Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта свята прымеркавана да гадавіны ўступлення ў сілу ў 1945 г. Статута ААН.

У 1971 г. Генеральная Асамблея ў сваёй рэзалюцыі адзначыла, што Дзень ААН павінен стаць міжнародным святам, і рэкамендавала адзначаць яго як дзяржаўнае.

ААН – гэта міжнародная арганізацыя, якая была створана для падтрымання і ўмацавання міру на планеце, а таксама наладжвання супрацоўніцтва паміж краінамі.

Зараз 193 дзяржавы з’яўляюцца сябрамі ААН, кожная з іх прадстаўлена ў Генеральнай Асамблеі. Адной з краін-заснавальніц з’яўляецца Беларусь. Наша дэлегацыя была сярод іншых, хто ў 1945 г. падпісаў Статут ААН.

З таго часу адбылося шмат змен у свеце, але гэтая арганізацыя застаецца найважнейшай пляцоўкай шматбаковай дыпламатычнай дзейнасці. Для нашай краіны ўдзел у працы ААН і сістэмы яе органаў і спецустаноў дазваляе больш эфектыўна вырашаць задачы знешнепалітычнага забеспячэння працэсаў развіцця беларускай дзяржавы і мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі.

З улікам ясна пазначаных прынцыповых падыходаў Рэспублікі Беларусь да працэсаў глабалізацыі, нарастання канфліктных фактараў і нестабільнасці ў міжнародных адносінах, найважнейшым прыярытэтам свайго ўдзелу ў ААН наша дзяржава лічыць умацаванне цэнтральнай ролі Арганізацыі ў сусветных справах. У сувязі з гэтым Беларусь актыўна выступае супраць прымянення аднабаковых падыходаў у вырашэнні пытанняў міру і бяспекі ў свеце, супраць разбурэння сістэмы міжнароднага права.

Разам з тым, Беларусь выступае за надзяленне ААН, яе органаў і ўстаноў неабходнымі магчымасцямі па процідзеянню глабальным выклікам сучаснасці як у палітыцы міжнароднай бяспекі, так і ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

Беларусь спадзяецца і на прыцягненне патэнцыялу і рэсурсаў ААН для ўнутранага развіцця краіны. Вырашэнню задач эканамічнага характару служыць удзел нашай дзяржавы ў дзейнасці шэрагу спецыялізаваных арганізацый ААН – Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), Сусветнага банка, Еўрапейскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДО), Канферэнцыі ААН па гандлі і развіццю (ЮНКТАД) і інш. Для вырашэння нацыянальных задач у межах гуманітарнага і сацыяльнага развіцця Беларусь актыўна супрацоўнічае з такімі спецыялізаванымі арганізацыямі і ўстановамі, як Міжнародная арганізацыя працы (МАП), Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ) і інш.

23–24 кастрычніка ў Мінску праходзяць Нацыянальныя кансультацыі пра прыярытэты Рамачнай праграмы супрацоўніцтва ААН і Рэспублікі Беларусь у сферы ўстойлівага развіцця на 2021–2025 гг. У кансультацыях прымаюць удзел больш за 200 партнёраў ААН з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Падчас кансультацый агенцтвы сістэмы ААН і нацыянальныя эксперты абмяркоўваюць прыярытэты дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця па чатырох напрамках:

  • «зялёны» пераход да інклюзіўнага і ўстойлівага росту;
  • арыентацыя на будучыя пакаленні;
  • лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі;
  • гендарная роўнасць у грамадстве.

Цікавы факт: у адпаведнасці з Індэксам устойлівага развіцця краін, на працягу двух апошніх гадоў Беларусь займае 23 месца ў міжнародным рэйтынгу (са 156 краін у 2018 г. і 162 краін у 2019 г.). Гэта дастаткова высокі паказчык – пазіцыі нашай краіны ў цэлым ацэньваюцца вышэй за сярэднія па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

 

НІА
па матэрыялах сайтаў https://un.by і http://un.mfa.gov.by