Рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва» і РВУ «Выдавецкі дом „Звязда“» абвяшчаюць конкурс на лепшы ўрок пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры «Урокі сучаснасці». Прыняць удзел у ім могуць выкладчыкі навучальных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Работы прымаюцца з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года. Вынікі будуць падведзены на пачатку студзеня 2018 года.

Мэта конкурсу – узняць прафесійную цікавасць педагогаў да айчыннай літаратуры, выхаваць будучых неабыякавых чытачоў, для якіх кніга павінна стаць спадарожнікам у жыцці.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна прадставіць метадычныя распрацоўкі ўрокаў пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры (творы беларускіх аўтараў, напісаныя пачынаючы з 1990 года).

Каб прэзентаваць ідэю, трэба абазначыць наступныя моманты:

  • назва і тэма заняткаў;
  • абгрунтаванне актуальнасці тэмы;
  • пералік твораў, па якіх праводзяцца заняткі;
  • арыгінальнасць правядзення ўрока;
  • удзел вучняў у занятках (цікавыя высновы і рэмаркі);
  • вынікі (уласныя ўражанні настаўніка).

 

Удзельнікі конкурсу пагаджаюцца на рэдагаванне тэкстаў і іх публікацыю. Аб’ём тэксту – да 7000 знакаў.

Аўтары трох лепшых распрацовак атрымаюць грашовыя ўзнагароды. Найбольш цікавыя і арыгінальныя ўрокі будуць надрукаваныя на старонках газеты «Літаратура і мастацтва».

Поўныя ўмовы конкурсу размешчаны тут.

 

НІА