26 мая 2017 года ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбудзецца фінал абласнога этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».

Мерапрыемства праходзіць пад дэвізам «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!» і з’яўляецца значным крокам на шляху адраджэння цікавасці да беларускай літаратуры і культуры ў сучаснага пакалення школьнікаў.

Конкурс праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання, пашырэння чытацкага кругагляду, пошуку і падтрымкі таленавітай моладзі.

У адборачных турах, што адбыліся ў канцы красавіка, прынялі ўдзел больш за 1200 школьнікаў Міншчыны. Гэты факт сведчыць: сучасныя дзеці цікавяцца літаратурай Бацькаўшчыны, выхоўваюцца на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, прытрымліваюцца высокіх маральных каштоўнасцяў і ідэалаў беларускага грамадства.

Лепшыя юныя чытальнікі са ўсіх раёнаў вобласці прыедуць у Мінск 26 мая 2017 года, каб паказаць сваё майстэрства выканання і жывое асэнсаванне класічных твораў беларускай літаратуры.

У творчым мерапрыемстве ў складзе журы прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».

Па выніках абласнога этапу конкурсу лепшыя юныя чытальнікі стануць удзельнікамі заключнага рэспубліканскага этапу, які сёлета адбудзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

 

НІА
па матэрыялах Мінскага абласнога
інстытута развіцця адукацыі