Сёння пачынаецца прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю на першай ступені.

Шэсць дзён – з 12 па 17 ліпеня 2019 года – прыёмныя камісіі будуць чакаць дакументы ад абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтную форму навучання, і тых, хто будзе здаваць уступныя іспыты непасрэдна ва ўніверсітэтах. Выпускнікі педагагічных класаў змогуць падаць дакументы з 12 па 14 ліпеня. Для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю для навучання ў завочнай форме – з 15 лістапада па 5 снежня. 

Тыя абітурыенты, якія маюць жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю на платнай аснове, змогуць падаць дакументы з 12 ліпеня па 4 жніўня, акрамя сілавых і творчых устаноў адукацыі. Прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», «Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», «Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства на надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» прымаюць дакументы ад платнікаў з 12 па 31 ліпеня. А прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў», «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі», «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў» чакаюць сваіх платнікаў з 12 ліпеня па 2 жніўня. Гэта інфармацыя для тых, хто падае тры сертыфікаты.

Больш падрабязную інфармацыю пра тэрміны падачы дакументаў можна атрымаць тут.

Многія ўніверсітэты Беларусі прапануюць сваім абітурыентам новыя спецыяльнасці. Так, упершыню ў нашай краіне Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сумесна з Далянскім політэхнічным універсітэтам (Кітай) будзе ажыццяўляць набор у Сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ – ДПУ (СІБД) на спецыяльнасці «Фізіка (вытворчая дзейнасць», «Механіка і матэматычнае мадэляванне» і «Сусветная эканоміка». Гэта першая для Беларусі такога роду спроба падрыхтоўкі спецыялістаў. Выпускнікі будуць запатрабаваны беларускімі і кітайскімі кампаніямі, у тым ліку ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». Заняткі са студэнтамі будуць праводзіць як беларускія, так кітайскія выкладчыкі.

Плануецца, што сёлета студэнтамі бюджэтнай формы навучання стануць 26,6 тыс. чалавек, што на 200 больш, чым летась. Дзяржава зацікаўлена ў павелічэнні колькасці спецыялістаў у галіне медыцыны, ІТ, а таксама тых, хто звязаны з фізічнай культурай і спортам.

Плануецца, што 28,2 тыс. платнікаў атрымаюць студэнцкі білет, што таксама больш, чым летась. Асноўны прырост тут звязаны з ІТ-спецыяльнасцямі.

А вось завочнікаў плануецца прыняць на 3,4 % менш за мінулагоднія паказчыкі.

Жадаем усім тым, хто зараз выбірае свой прафесійны шлях, не памыліцца з выбарам!

 

НІА