Друкаваць
Катэгорыя: Праздники и знаменательные даты

У 1995 годзе на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, якая праходзіла ў Парыжы, было вырашана адзначаць Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права 23 красавіка, у дзень смерці Сервантэса, Шэкспіра, Інка Гарсіласа дэ ла Вега. Мільёны людзей у больш чым 100 краінах свету святкуюць гэты дзень, бо гэта добрая нагода даведацца і асэнсаваць, што адбываецца ў кніжным свеце.

Менавіта яны – папяровыя сябры, – нягледзячы на бурнае развіццё індустрыі медыя, займаюць сваё адметнае месца ў жыцці кожнага чалавека. Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Адрэ Азуле адзначае: «У нашы неспакойныя часы кнігі з’яўляюцца ўвасабленнем разнастайнасці чалавечага генія і сховішчам багатага вопыту чалавецтва, адлюстроўваючы наша агульнае імкненне да пошуку сэнсу жыцця і самавыяўлення, якое прымушае ўсе нашы грамадствы рухацца наперад. Кнігі дапамагаюць з’яднаць чалавецтва ў адзіную сям’ю з агульным мінулым, гісторыяй і культурнай спадчынай у інтарэсах пабудовы агульнай будучыні, у якой у грандыёзным хоры чалавечых памкненняў будзе выразна гучаць голас кожнага з нас».

Кожны год ЮНЕСКА і іншыя міжнародныя арганізацыі, якія прадстаўляюць выдаўцоў і гандляроў кнігамі, бібліятэкі, выбіраюць Сусветную кніжную сталіцу. Сёлета ёй стаў горад Шарджа, дзе пражывае каля 900 тыс. чалавек. Гэта трэці па велічыні населены пункт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, які імкнецца да захавання ўласнай культурнай, гістарычнай спадчыны і спалучае гэта з масавым увядзеннем інавацыйных тэхналогій. Нездарма адным з выбітных месцаў горада з’яўляецца помнік Прагрэсу.

Таму выбар Шарджы як кніжнай сталіцы невыпадковы. У гэтым годзе асаблівая ўвага будзе надавацца важнасці ўмацавання і абароны моў карэнных народаў, а кнігі – гэта бясцэнная крыніца ведаў пра гісторыю і спадчыну чалавечай цывілізацыі. Разам з тым кнігі знаёмяць нас з культурай, поглядамі, звычаямі і мовамі розных народаў.

Горадам Шарджа былі прапанаваны цікавыя праекты па ўмацаванні мясцовых супольнасцей і прыцягненні мігрантаў. Праграма пад лозунгам «Чытай – ты ў Шарджы» акцэнтуе ўвагу на шасці напрамках дзейнасці: забеспячэнне інклюзіўнасці, стымуляванне цікавасці да літаратуры, распаўсюджванне ведаў пра спадчыну продкаў, умацаванне камунікацый, развіццё выдавецкай справы, улік інтарэсаў і патрэб дзяцей. У Сусветнай кніжнай сталіцы сёлета пройдзе мерапрыемства, прысвечанае пытанням свабоды слова, адбудзецца конкурс маладых паэтаў, будуць арганізаваны семінары па стварэнні кніг Брайля і тактыльных кніг, а таксама мноства іншых мерапрыемстваў для шматнацыянальнага насельніцтва Шарджы. Горад ставіць перад сабой звышзадачу – прышчапіць жыхарам краіны любоў да чытання і распачаць дзейсныя крокі па развіцці літаратурнай творчасці ў рэгіёне і ўвогуле ў арабскім свеце.

 

НІА
па матэрыялах афіцыйнага інтэрнэт-партала ААН