Друкаваць
Катэгорыя: Праздники и знаменательные даты

У свеце мала свят, якія б аб'ядноўвалі такую вялікую колькасць краін на аснове ідэі рабочага інтэрнацыяналу і прафсаюзнага руху.

Першае мая (Свята працы, Дзень працы, Свята Вясны і Працы, Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных) афіцыйна адзначаюць як нацыянальнае свята 89 краін па ўсім свеце, сярод якіх і Рэспубліка Беларусь.

Першамай у сучасным выглядзе ўзнік у рабочым руху ў сярэдзіне XIX стагоддзя. У якасці аднаго з асноўных патрабаванняў рабочых было ўвядзенне васьмігадзіннага працоўнага дня. Спачатку з гэтым патрабаваннем выступілі рабочыя Аўстраліі 21 красавіка 1856 года, затым ЗША і Канады 1 мая 1886 года. Пры разгоне дэманстрацыі ў прамысловым Чыкага 4 мая загінулі шэсць дэманстрантаў. Пасля адбыліся хваляванні сярод працоўных, выбух бомбы і перастрэлкі, якія прывялі да ахвяр з абодвух бакоў. Па абвінавачванні ў арганізацыі выбуху пяцёра рабочых-анархістаў былі прысуджаныя да павешання. Пазней высветлілася, што іх агаварылі. Менавіта ў памяць аб пакараных па прапанове амерыканскіх рабочых Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу (ліпень 1889 года) аб’явіў 1 мая 1890 года як Дзень салідарнасці працоўных усяго свету і прапанаваў адзначыць яго дэманстрацыямі з патрабаваннем васьмігадзіннага працоўнага дня і іншымі сацыяльнымі патрабаваннямі. Як раней у Аўстраліі, поспех дэманстрацый прывёў да таго, што свята стала штогадовым.

У Расійскай імперыі 1 мая як Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных упершыню адзначылі ў 1890 годзе ў Варшаве. Арганізаваная стачка аб’яднала 10 тысяч рабочых. З 1897 года маёўкі сталі насіць палітычны характар і суправаджаліся масавымі дэманстрацыямі. На першамайскія стачкі і дэманстрацыі 1912–1914 гадоў выходзілі больш за 400 тысяч рабочых. У 1917 годзе, пасля Лютаўскай рэвалюцыі, Першамай упершыню адсвяткавалі адкрыта: мільёны працоўных выйшлі на вуліцы з лозунгамі «Далоў міністраў-капіталістаў», «Уся ўлада Саветам», «Далоў імперыялістычныя войны!».

Са святам цесна звязана ўзнікненне маёвак, якія прадстаўлялі сабой пікнік. Гэтая традыцыя была распаўсюджана ў СССР. У дарэвалюцыйнай Расіі маёўка ўяўляла сабой нелегальны сход рабочых, які ладзіўся за горадам у дзень 1 Мая. Маёўкі праследаваліся царскай паліцыяй.

Для краін, якія маюць агульную савецкую гісторыю, гэтая дата, з аднаго боку, насіла палітычны характар, а з другога – з'яўлялася дэманстрацыяй гуманістычных ідэалаў інтэрнацыянальнага братэрства ўсіх працоўных свету. Па сутнасці Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных (да 1972 года Дзень Інтэрнацыяналу) быў святам вясны, радасці, самым неафіцыйным сярод афіцыйных свят і праходзіў пад лозунгам: «Мір, праца, май». У сучаснай Беларусі свята цалкам страціла свой першапачатковы палітычны характар і афіцыйна адзначаецца як Дзень працы.

 

НІА