Друкаваць
Катэгорыя: Праздники и знаменательные даты

Штогод у апошнюю нядзелю чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца свята ў гонар маладых людзей краіны – Дзень моладзі. Яно было ўсталявана ў 1998  годзе загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у працяг святочных традыцый Дня савецкай моладзі.

Да моладзі ў нашай краіне адносяць асоб ва ўзросце ад 14 да 31 года. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, на 1 студзеня 2016 года да гэтай узроставай катэгорыі адносіўся кожны пяты жыхар рэспублікі (усяго 2058 тыс. чалавек).

Сённяшнія школьнікі, студэнты, маладыя спецыялісты – гэта будучае краіны, таму наша дзяржава шмат увагі надае ажыццяўленню маладзёжнай палітыкі. Яна мае на мэце забеспячэнне паўнавартаснага прававога і сацыяльнага статусу маладых грамадзян, абарону іх правоў і свабод, стварэнне ўмоў для самарэалізацыі асобы. Дзяржаўная маладзёжная палітыка – гэта дзейнасць, накіраваная на грамадзянскае станаўленне, патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі. Гэта дзяржаўная падтрымка моладзі ў атрыманні адукацыі і развіцці сваіх талентаў, а таксама падтрымка маладых сем’яў. Гэта садзейнічанне рэалізацыі правоў моладзі на працу, на аб’яднанні, на фарміраванне здаровага ладу жыцця, на развіццё і рэалізацыю грамадска значымых ініцыятыў. Гэта міжнароднае маладзёжнае супрацоўніцтва.

Своеасаблівым эпіцэнтрам маладзёжнага руху з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які аб’ядноўвае каля 500 тысяч чалавек па ўсёй краіне. У яго шэрагах тыя, хто не хоча сядзець склаўшы рукі, а імкнецца свае сілы і здольнасці прыкласці дзеля таго, каб зрабіць сваё жыццё і жыццё сваіх равеснікаў больш цікавым, насычаным і карысным.

У Дзень моладзі ў кожным рэгіёне Беларусі праходзяць самыя разнастайныя мерапрыемствы. З праграмай святкавання можна пазнаёміцца ў мясцовых сродках масавай інфармацыі і на сайтах раённых органаў кіравання.

 

НІА